У Польшчы заявілі, што польскі верталёт не залятаў у Беларусь

На польска-беларускай мяжы

На польска-беларускай мяжы / twitter.com/Straz_Graniczna

У Польшчы адрэагавалі на заяву Мінабароны Беларусі пра парушэнне мяжы польскім верталётам, якое нібыта двойчы адбылося 28 верасня. Аператыўнае камандаванне Генштабу Узброеных сіл Польшчы заявіла, што "сённяшняя заява беларускага боку аб нібыта перасячэнні мяжы польскім верталётам не адпавядае рэчаіснасці... Такой падзеі не было". Сцвярджаецца, што "гэта пацвярджаецца запісамі кіравання палётам і радыёлакацыйных станцый" (у Мінабароны РБ спасылаліся на "даныя аб'ектыўнага кантролю").

У Варшаве падкрэсліваюць, што "да інфармацыі, якая прадастаўляецца СМІ беларускага рэжыму, трэба заўсёды падыходзіць з асцярожнасцю..., паколькі яны неаднаразова былі элементам правакацый і дэзінфармавалі грамадства". У той жа час "польскія вайскоўцы, у адрозненне ад пастаянных правакацыйных дзеянняў Рэспублікі Беларусь, нязменна паважаюць і выконваюць усе палажэнні аб недатыкальнасці межаў".

Мінабароны Беларусі заявіла, што ў чацвер верталёт з Польшчы двойчы парушыў мяжу. Сцвярджаецца, што першы раз (каля 15:20) ён заляцеў на беларускую тэрыторыю на паўтара кіламетры, другі раз (у 16:22) — на 300 метраў. 28 верасня ў МЗС РБ быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. Яму "быў заяўлены рашучы пратэст у сувязі з чарговым фактам парушэння польскім верталётам 28 верасня паветранай прасторы Беларусі". Мінск патрабуе ад Варшавы "неадкладна правесці аб'ектыўнае расследаванне гэтага інцыдэнту".

Папярэдні інцыдэнт адбыўся 1 верасня, калі Дзяржпагранкамітэт Беларусі заявіў пра парушэнне паветранай прасторы польскім ваенным верталётам у Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці. Нібыта ён на вельмі малой вышыні заляцеў на беларускую тэрыторыю на 1200 метраў і вярнуўся назад. У Польшчы гэтае паведамленне назвалі "хлуснёй і правакацыяй".

А 1 жніўня польскі бок заявіў, што два беларускія вайсковыя верталёты парушылі мяжу Польшчы. Мінабароны Беларусі тады пракаментавала заяву польскага ведамства фразай "адна бабка сказала".

Як бачым, заявы пра інцыдэнты на мяжы Беларусі і Польшчы з'яўляюцца рэгулярна — раз на месяц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі