У Швейцарыі будуць судзіць удзельніка палітычных выкраданняў у Беларусі

У Швейцарыі будуць судзіць удзельніка палітычных выкраданняў у Беларусі

У Швейцарыі будуць судзіць удзельніка палітычных выкраданняў і забойстваў у Беларусі. Судовы працэс па справе былога спецназаўца Юрыя Гараўскага называюць гістарычным. Deutsche Welle піша, што ён можа пачацца летам-восенню 2022 года.

Гараўскі даў рэзананснае інтэрв'ю ў снежні 2019 года, пасля таго, як яму ўдалося выехаць за мяжу (былы сілавік папрасіў палітычнага прытулку ў Швейцарыі і атрымаў яго). Ён прызнаўся, што ў часы, калі быў байцом Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войск МУС РБ, удзельнічаў у выкраданнях і забойствах апазіцыйных палітыкаў у Беларусі. Ён згадаў Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, якія зніклі ў 1999 годзе.

Юрый Гараўскі адразу заявіў, што гатовы панесці пакаранне, але настойваў, каб яго судзілі ў Еўропе, а не ў Беларусі. У пачатку 2022 года ён расказаў, што даведаўся пра распачатую на яго ў Беларусі крымінальную справу (па якім артыкуле, ён не ведаў). 

Працэс пройдзе ў адным з кантонаў Швейцарыі. Пракуратура выставіла Гараўскаму абвінавачванне ў неаднаразовым выкраданні людзей. Для яго просяць год пазбаўлення волі і два гады ўмоўна. Калі суд прыйдзе да высновы, што абвінавачаны даў ілжывыя паказанні, яму за гэта таксама пагражае пазбаўленне волі на 9 месяцаў або ўмоўны тэрмін.

Беларус настойвае на тым, каб працэс быў закрыты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі