Удзельнікам несанкцыянаванага “Чарнобыльскага шляху” дасылаюць пратаколы
Удзельнікам несанкцыянаванага “Чарнобыльскага шляху” пачалі дасылаць пратаколы. Такі ліст з міліцыі атрымаў эканаміст Сяргей Чалы.
“Масавай акцыі. Проста ўсцешылі”, — напісаў Чалы на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку", маючы на ўвазе, што сёлета шэсце ўвогуле было адмененае, і традыцыю ісці "Чарнобыльскім шляхам" падтрымала менш за 100 чалавек.
У дакуменце, складзеным лейтэнантам Тарлюком Віталём Іванавічам, сярод іншага пазначана, што Чалы 26 красавіка ўдзельнічаў у масавым вулічным шэсці па вуліцы Сурганава і Арлоўскай у Мінску да памятнага знаку “Ахвярам Чарнобылю”. Таксама там пазначана, што эканаміст нідзе не працуе і мае сярэднюю адукацыю.
26 красавіка некалькі дзясяткаў чалавек прайшліся шэсцем у гонар гадавіны Чарнобыльскай трагедыі. Традыцыйнага “Чарнобыльскага шляху” сёлета не было — апазіцыя адклікала адпаведную заяўку з Мінгарвыканкама з прычыны таго, што не мела сродкаў на аплату паслугаў міліцыі.