Улады Беларусі гатовыя да дыялогу па пытаннях свабоды СМІ
Пра гэта ў панядзелак заявіла намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.
Яна ўдзельнічае ў аднадзённым семінары, які праходзіць ў Мінску, які арганізавалі офіс прадстаўніка Арганізацыі па бяспецы і і супрацоўніцтве ў Еўропе па пытаннях свабоды СМІ і беларускае Міністэрства замежных спраў. У ім бяруць удзел больш за дзесяць беларускіх журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства ўнутраных спраў, Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце, міжнародныя эксперты, а таксама члены бюро прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ на чале з Дуняй Міятавіч, якая прыбыла ў Беларусь з двухдзённым афіцыйным візітам.
Беларускі бок гатовы да адкрытага, зацікаўленага, канструктыўнага дыялогу з офісам прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, заявіла Алена Купчына. Паводле яе слоў, медыйная сфера ў Беларусі "дынамічна развіваецца" і з'яўляецца "адным з прыярытэтных кірункаў узаемадзеяння з АБСЕ". Гэтая праца вядзецца, з тым каб выбудаваць "канструктыўнае паважлівае ў межах закона ўзаемадзеянне паміж журналістамі і праваахоўнымі органамі", а таксама "стварыць умовы для эфектыўнага выканання абодвума бакамі сваіх прафесійных абавязкаў".
"Абодва бакі павінны працаваць разам, каб гарантаваць свабоду медыя ў Беларусі, — сказала Дуня Міятавіч. — Для гэтага павінна быць палітычная воля, жаданне ўрада. За апошні час колькасць затрыманняў [журналістаў] значна зменшылася, але нават калі будзе адзінкавае затрыманне — я буду ўзнімаць гэта пытанне".
Прадстаўнік АБСЕ зазначыла таксама, што беларускае заканадаўства ў сферы СМІ "патрабуе ўдасканалення", і гэта той кірунак, па якім АБСЕ "будзе працягваць працаваць з урадам Беларусі", паралельна ўзнімаючы тэму бяспекі працы журналістаў, паведамляе БелаПАН.
Фота — ria.ru