Улады Гродна адказалі на пытанне, куды знікла мемарыяльная шыльда Касцюшкі

Так выглядала шыльда ў памяць Тадэвуша Касцюшкі

Так выглядала шыльда ў памяць Тадэвуша Касцюшкі / vedi.by

Гродзенскі гарвыканкам адказаў на калектыўны зварот з пытаннем, што здарылася з памятнай шыльдай, усталяванай у гонар Тадэвуша Касцюшкі і падзей паўстання 1794-га 30 гадоў таму каля ўваходу ў Новы замак. Яна знікла ў красавіку 2024 года. Тады гродзенцы стварылі петыцыю ў адрас гарадскіх уладаў з просьбай растлумачыць, куды і чаму знікла памятная шыльда, а таксама калі яе плануюць вярнуць на месца. Аўтары адзначалі, што дэмантаж дошкі негатыўна паўплывае на турыстычны патэнцыял Гродна.

"Гродзенскі гарвыканкам не мае звестак пра аб’ект, пазначаны ў звароце", цытуе крывадушны адказ чыноўнікаў Hrodna.life. Пад адказам стаіць подпіс намесніцы старшыні гарвыканкама Зоі Кулешы. З дакумента вынікае, што калектыўны зварот разглядаўся "з выездам на месца".

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746 — 1817) — ураджэнец Беларусі. Ён лічыцца нацыянальным героем Беларусі, ЗША, Літвы і Польшчы. Драўляная мемарыяльная шыльда прысвечаная яго перабыванню ў Гродне — 30 кастрычніка 1794-га ён правёў у каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі