Урад выкупляе даўгі фірмы набліжанага да Лукашэнкі бізнесоўца

Павел Белы ў хакейнай камандзе Лукашэнкі

Павел Белы ў хакейнай камандзе Лукашэнкі / БЕЛТА

Урад распарадзіўся, каб Агенцтва па кіраванні актывамі выкупіла даўгі прыватнай будаўнічай кампаніі "МК Атмасфера капітал" перад адным з банкаў, заўважыў сайт "Зеркало".

Гэта прыватная фірма. Адным з яе ўласнікаў з'яўляецца Павел Белы — мільянер, уладальнік будаўнічай кампаніі "Тапас" і былы ўдзельнік хакейнай каманды Лукашэнкі. Другім уладальнікам кампаніі называецца фірма "Фіфці Файв", якая таксама належыць Паўлу Беламу. Такім чынам, ён фактычна цалкам кантралюе "МК атмасфера капітал".

У 2021-м гэтая кампанія ўзяла ў "Белзнешэканамбанку" 4 мільёны долараў. На дату набыцця Агенцтвам па кіраванні актывамі запазычанасць па гэтай пазыцы складае 11,4 мільёна рублёў. Аднак дзяржаўная структура выкупіць гэты крэдыт з дысконтам у 50% і заплаціць 4,83 мільёна рублёў. Канчатковы тэрмін выплат — 30 красавіка 2026 года.

Між тым Агенцтва па кіраванні актывамі стваралася ў 2016 годзе для набыцця пазык сельскагаспадатчых прадпрыемстваў перад банкамі. На сайце агенцтва пра яго дзейнасць гаворыцца, што яна "накіраваная на стварэнне ўмоў для комплекснага рэфармавання і фінансавага аздараўлення сельскагаспадарчай вытворчасці".

У СМІ з'яўляліся паведамленні, што апошнія гады ў кампаніі "Тапас" справы ідуць не вельмі добра. Пісалі нават пра вялікі фінансавы крызіс, які перажывае фірма. У ліпені 2023-га з'яўляліся звесткі пра затрыманне Паўла Белага ў сувязі з "прэтэнзіяй фінансавых органаў". Тады ён правёў за кратамі тры дні. Мяркуецца, што фінансавы крызіс "Тапаса" звязаны з тым, што Белы пакінуў хакейную каманду Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі