У Польшчы ад беларусаў не будуць патрабаваць вынік ЦТ для навучання ў ВНУ

"Для многіх маладых беларусаў выбар еўрапейскай адукацыі на сёння застаецца вельмі пажаданай опцыяй" / Euroradio
Ад кандыдатаў на навучанне ў Польшчы не будуць патрабавацца вынікі экзаменаў ЦТ і ЦЭ. Новаўвядзенне пачне дзейнічаць з 1 ліпеня 2025 года. Пра гэта паведамляе Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Яно атрымала афіцыйны адказ з Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі Польшчы на запыт адносна прызнання адукацыі, атрыманай у Беларусі, для паступлення на навучанне ў польскія ВНУ.
Высветлілася, што Мінадукацыі Польшчы зрабіла прапанову ў праект закона, які рыхтуе МЗС. Патрабуюцца змены ў некаторыя законы.
Як вядома, з-за аднабаковай дэнансацыі Беларуссю пагаднення паміж урадамі Польшчы і РБ "аб прызнанні эквівалентнасці ў сферы вышэйшай адукацыі, роўнасці навуковых ступеняў і ступеняў у галіне мастацтва", для беларускіх грамадзян з лістапада 2023-га змяніліся ўмовы паступлення на навучанне ў Польшчы. Разам з заявай абітурыент павінен прадставіць у кураторыюм асветы дакумент, які пацвярджае здачу экзаменаў ЦТ і ЦЭ з улікам тэрміну іх дзеяння. Гэта неабходная ўмова для прызнання права на паступленне ў польскія ВНУ.
З 1 ліпеня пытанні, звязаныя з прызнаннем права на паступленне ў польскія ВНУ, будуць перададзеныя ў кампетэнцыю Нацыянальнага агенцтва акадэмічнага абмену.
"Мы вельмі ўдзячныя польскаму боку за разуменне тых цяжкасцей, з якімі сустракаюцца студэнты з Беларусі пры спробе падаць дакументы ў польскія навучальныя ўстановы, і ўхваляем гэтыя канкрэтныя крокі да дэмакратызацыі патрабаванняў, — кажа выканаўца абавязкаў прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні АПК Павел Баркоўскі. — Безумоўна для многіх маладых беларусаў выбар еўрапейскай адукацыі на сёння застаецца вельмі пажаданай опцыяй, паколькі забяспечвае большыя кампетэнцыі і дае лепшыя жыццёвыя перспектывы. Мы застаемся ў далейшай камунікацыі з профільнымі міністэрствамі Польшчы для вырашэння іншых пытанняў, звязаных з інтарэсамі і патрэбамі беларускіх грамадзян. Для тых студэнтаў, хто сёння апынуўся ў складанай сітуацыі праз нястачу належных дакументаў, з’явілася надзея на яе хуткае выпраўленне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.