"Вінаваты Дзярждэп": У РПЦ адрэагавалі на адлучэнне УПЦ ад Масквы
Уладзімір Пуцін і Патрыярх Кірыл / Цензор.Нет
У РПЦ адрэагавалі на рашэнне Сабора Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата аб поўнай незалежнасці. Першы намеснік старшыні Сінадальнага аддзела Маскоўскага патрыярхата па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ Аляксандр Шчыпкоў лічыць, што на такі крок УПЦ падштурхнуў Дзярждэпартамент ЗША. І што рашэнне Сабора — ні што іншае, як раскол і аб'яўленне аўтакефаліі.
“УПЦ МП ухілілася ў раскол. Усе кананічныя нормы парушаны. Аб'ява “поўнай самастойнасці” — гэта абвяшчэнне аўтакефаліі. Мітрапаліт Ануфрый не выкарыстоўвае тэрмін “аўтакефалія”. Але абвяшчае пра “аднаўленне міраварэння ва Украінскай Праваслаўнай Царкве”. Міраварэнне — галоўная прыкмета аўтакефальнасці, — упэўнены Шчыпкоў. — 27 траўня 2022 года Украінская праваслаўная царква знікла. Заказчык — Дзярждэпартамент ЗША".
Кіраўнік аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага патрыярхата мітрапаліт Валакаламскі Іларыён у сваю чаргу запэўнівае, што РПЦ працягвае ўмацоўваць і захоўваць адзінства з УПЦ. Аднак, паводле яго слоў, УПЦ "не залежыць ад Масквы ні адміністрацыйна, ні фінансава, ні ад якіх-небудзь яшчэ адносінаў".
"Учорашнімі рашэннямі УПЦ яшчэ раз засведчыла, што яна з'яўляецца цалкам самакіравальнай, што яе царкоўны цэнтр знаходзіцца не ў Маскве, а ў Кіеве", — дзеліцца меркаваннем іерарх.
Кіраўнік Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ Маскоўскага патрыярхата Уладзімір Легойда запэўнівае, што РПЦ не атрымлівала нейкіх паведамленняў ад УПЦ і працягвае маліцца аб захаванні адзінства і аб спыненні кровапраліцця.
"Украінская праваслаўная царква знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы і адчувае ціск з розных бакоў: з боку ўладаў, раскольнікаў, нацыяналістычна настроеных прадстаўнікоў пэўнай часткі грамадскасці, з боку сродкаў масавай інфармацыі", — гаворыць Легойда.
Ён лічыць, што ў "у сітуацыі, калі знешнія сілы спрабуюць разбурыць адзінства Рускай праваслаўнай царквы", каментаваць рашэнні, якія прымаюцца "ў самакіравальнай Украінскай праваслаўнай царкве ў вышэйшай ступені безадказна".
Сабор УПЦ МП, на якім абмяркоўваліся пытанні царкоўнага жыцця, якія ўзніклі з пачаткам вайны ва Украіне, заявіў, што асуджае вайну як парушэнне Божай запаведзі "Не забі!". УПЦ звярнулася да ўладаў Украіны і Расіі з просьбай працягваць перамовы.
Таксама Сабор УПЦ выказаў нязгоду з пазіцыяй Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла наконт вайны ва Украіне. У Статут УПЦ былі прынятыя праўкі, якія сведчаць аб яе поўнай самастойнасці і незалежнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.