Вольга Карач абскардзіла рашэнне Дэпартамента міграцыі Літвы

Вольга Карач / Ольга Карач / Еўрарадыё

Вольга Карач / Еўрарадыё, архіўнае фота

Беларуская актывістка Вольга Карач абскардзіла ў судзе пастанову Дэпартамента міграцыі Літвы. Раней літоўскае ведамства адмовілася даць ёй палітычны прытулак.

"Так, скарга пададзеная. Мы звярнуліся ў Віленскі акруговы адміністрацыйны суд", -— прыводзіць Delfi словы Рыціса Саткаўскаса, адваката Карач. Паводле яго, суд павінен разгледзець скаргу цягам двух месяцаў.

Карач казала, што ў прытулку ёй адмовілі па абвінавачанні ў тым, што яна брала інтэрв'ю ў заснавальніка ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама ўдзельнічала ў канферэнцыях у Расіі, у тым ліку арганізаваных Еўракамісіяй.

Тым часам у літоўскіх СМІ з'явіліся публікацыі, быццам Карач супрацоўнічала з расійскай разведкай і перадавала звесткі пра дзейнасць беларускай апазіцыі. Таксама заяўлялася, нібыта расійская выведка займалася іміджам Карач як у Літве, так і за мяжой. Сама актывістка ўсе гэтыя абвінавачанні адмаўляе.

Хаця Карач адмовілі ў прытулку, яна атрымала часовы від на жыхарства ў Літве як асоба, якую пераследуюць на радзіме з палітычных прычынаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі