Выключаная з “чорнага спісу” Ганна Шадрына едзе ў Вільню
16 студзеня яна па запрашэнні ЕГУ возьме ўдзел у літаратурным семінары.
У Вільні Ганна Шадрына прэзентуе кнігу “Не замужам: сэкс, каханне і сям’я па-за межамі шлюбу”. Разам з ёй сваю кнігу “Птушкі” прэзентуе Наста Манцэвіч. Семінар арганізаваны Цэнтрам гендарных даследаванняў Еўрапейскага гумантарнага ўніверсітэта.
Еўрарадыё скантактавалася з Ганнай Шадрынай, якая заявіла, што ніколі ў сваім жыцці не хоча больш абмяркоўваць “чорныя спісы”. Сёння яна атрымлівае пашпарт з літоўскай візай. Колішняя намесніца рэдактара газеты “СБ — Беларусь сегодня”, Шадрына стала першай, хто дамогся перагляду спісу неўязных у Еўрасаюз. У газеце журналістка курыравала пытанні культуры.
Вядома, што ў 2011 годзе, звольніўшыся з прэзідэнцкай газеты, Шадрына мела перапіску са структурамі Еўрасаюза. Яна была не згодная з фармулёўкамі, праз якія яна апынулася ў спісах. Тады ліставанне завяршылася нічым. Аспрэчваць у судзе рашэнне Еўрасаюза журналістка не стала. Але ў канцы траўня 2013 года візавыя абмежаванні з яе былі знятыя.
“На семінары мы хацелі б абмеркаваць магчымасці/неабходнасці адстойвання аўтарскай пазіцыі, захавання арыгінальнага паведамлення і стратэгіі выслізгвання ад гвалтоўнага размяшчэння нас і нашых кніг на карце двайных процілегласцяў”, — піша Ганна Шадрына пра змест мерапрыемства на сваёй старонцы ў Facebook.
Літаратурны семінар пройдзе ў Цэнтры нямецкіх даследаванняў па адрасе: вул. Таўра, 12. Працоўныя мовы сустрэчы — беларуская і руская. Уваход вольны.
Фота: Facebook.