"Я захрасла ў тым дні". Маналог дзяўчыны, якая страціла дзіця ў СІЗА КДБ
Кіра Баярэнка / фота з асабістага архіва
"Ёсць дзяўчына, якую незаконна пратрымалі на "Валадарцы", — Баярэнка Кіра. Інвалід 3-й групы, страціла ў турме дзіця. Цяпер яна ў бяспецы — яе ўдалося вывезці. Хоча даць інтэрв'ю", — так апісалі гераіню гэтага матэрыялу да таго, як мы звязаліся з ёй.
Звычайна "хоча даць інтэрв'ю" азначае паўнавартаснае інтэрв'ю з пытаннямі і адказамі. Пры размове з Кірай атрымаўся маналог, з прывітання і да канца гэтай гісторыі было толькі два ўдакладняльныя пытанні. Мабыць, Кіра вельмі хацела расказаць сваю гісторыю.
У распараджэнні рэдакцыі ёсць дакументы, якія пацвярджаюць частку расказу Кіры. Але няма дакументаў, якія датычацца страты дзіцяці ў СІЗА КДБ.
Пачатак
Адразу пасля выбараў праз сваю інваліднасць я нікуды не выходзіла. Некалькі дзён сядзела дома і назірала за ўсім у сацыяльных сетках. Ведала, што шмат затрыманых, што людзей б'юць, што людзі знікаюць. І я надумала пабыць валанцёркай.
У тэлеграме ўжо былі чаты "Окрестина" і "Жодино+Барановичи". Я звязвалася з людзьмі, падказвала, куды несці, што рабіць, званіла, шукала іх сваякоў, і так працягвалася недзе да 16 жніўня.
Потым я зразумела, што занадта шмат людзей, якім патрэбна дапамога. І каб не разрывацца на ўсіх, я вырашыла працаваць больш лакальна. Мне падалося, што ў нашым раёне ёсць людзі, якім патрэбна дапамога. Знайшла лакальны чат Сляпянкі.
Там пазнаёмілася з хлопцамі і дзяўчатамі, прапанавала сваю дапамогу, каб людзі маглі да мяне звярнуцца, а я паспрабую ім дапамагчы. Я шукала людзей, кансультавала іх, рабіла перадачы.
Так працавала да кастрычніка, калі зразумела, што трэба дапамагаць сем'ям і дзецям. Стварыла фонд "Сляпянка дапамагае". Ён не быў звязаны ні з адной арганізацыяй, гэта была чыста ініцыятыва раёна, ініцыятыва простых беларусаў. Я кідала інфармацыю, колькі зняволеных з раёна знаходзіцца "там" і ці патрэбна ім дапамога.
Пратэсты
Я сама выйшла на пратэсты 12 жніўня, на жаночы марш. Цяпер добра памятаю гісторыю з вуліцы Куйбышава, як дзяўчыну і маму забралі ў аўтазак. І дзяўчыне было менш за 17 гадоў, яе выпусцілі з аўтазака, а маці не. І я памятаю вочы дзяўчыны, якая была ў шоку.
Вось тады прыйшло дакладнае разуменне, што, хутчэй за ўсё, гэта будзе надоўга. Я спадзявалася, што новая Беларусь прыйдзе раней. Нас выходзіць досыць шмат, мы добра адстойваем сваю пазіцыю — такая была надзея.
Першае затрыманне
Мяне затрымалі першы раз у снежні 2020 года на маршы пенсіянераў. Прыехалі бусікі, выбеглі амапаўцы і проста пачалі валіць на зямлю людзей і біць дубінкамі. Я чамусьці так спалохалася, што баялася бегчы. Проста ў жаху глядзела на тое, што адбываецца.
Хоць як валанцёрка ведала, якія сітуацыі бываюць. Хтосьці з амапаўцаў мяне падхапіў пад локці і кінуў у бус. Там было проста жудасна, мяне зацягнулі ў бакавыя дзверы і шпурнулі туды. Мне сказалі, што нельга ўставаць. Яны былі вельмі агрэсіўныя. А праз заднія дзверы я ўбачыла, што там ляжаць мужчыны адзін на адным і іх проста б'юць дубінкамі. На іх скачуць.
Амапаўцы прымушалі спяваць гімн, крычалі, што навучаць іх любіць Беларусь. Я пачала крычаць, што ў мяне інваліднасць, у мяне было пасведчанне з сабой на ўсялякі выпадак. Мне здавалася, што інваліда біць не будуць.
Я крычала, што адзін удар дубінкай па пазваночніку — і я проста не ўстану. Тады адзін з амапаўцаў сказаў, што я магу падняцца з каленяў і сесці на сядзенне.
Я паднялася, а другі сілавік нацягнуў мне шапку на вочы. Да мяне звярталіся, задавалі пытанні. Каб адказаць, я прыбрала шапку з вачэй, але на мяне пачалі раўці, што я хлушу, і нацягнулі гэтую шапку назад, а потым ударылі па патыліцы.
Я атрымала, напэўна, удараў шэсць па галаве, а ад апошняга адключылася. Апошняе, што я памятаю: я сказала, што мне баліць, а потым увушшу шум, і ўсё.
Праз пару хвілін мяне прывялі да прытомнасці. Аблілі нейкай ліпкай вадкасцю, вадой, напоем — я не ведаю, але я апрытомнела. Мне зноў надзелі шапку на вочы і сказалі "нельга падымаць шапку" і так сядзець, а глядзець толькі ўніз.
Мяне перавялі ў іншы бусік і сказалі, што калі я ўздумаю ўцякаць, то ў іх загад "ужываць агонь", і каб паводзілі сябе без глупстваў. Калі я выходзіла з бусіка, я звярнула ўвагу, што на падлозе маршруткі быў канец сцяга і ён быў увесь у крыві. Увесь гэты час мужыкі ціха стагналі.
Амапаўцы сказалі, што, калі прывязуць у РУУС, трэба будзе проста падпісаць пратаколы. Я запатрабавала, каб выклікалі хуткую дапамогу. Яны сказалі, што не выклікаюць. І адваката не выклікалі, сказалі, маўляў, гэта адміністрацыйная справа і адвакат тут не патрэбны.
Нас адвялі ў камеру без вокнаў. Праз некаторы час прыехалі аўтазакі і павезлі нас на Акрэсціна.
Першае траплянне на Акрэсціна
На Акрэсціна нас каля гадзіны пратрымалі на вуліцы, перш чым накіравалі ў камеры. Мне памералі ціск, які быў 250/100. Я спытала, ці могуць яны выклікаць мне хуткую, але яны сказалі, што дапамогуць збіць ціск, і далі каптапрыл.
Праз колькі часу зноў праверылі ціск, ён заставаўся 250/100. У выніку мне далі но-шпу. Уначы зноў праверылі ціск, які быў 250/120. Мяне нарэшце забрала хуткая дапамога ў лякарню. Там я прабыла пару гадзін, мне збілі ціск, і раніцай я паехала на таксі дадому.
Першы суд
Мне прыйшла позва ў суд па артыкуле 23.34. У судзе ў мяне быў ілжывы сведка, таемны сведка. Суд праходзіў па скайпе, я яго не бачыла. Я спрабавала дапытаць яго сама, пыталася пра свае вонкавыя звесткі, каб даказаць, што ён не бачыў мяне і што ён не быў там.
Але ён не адказаў ні на адно маё пытанне, апісаў мяне няправільна, сказаў, што я бландзінка паўнаватая, на самай справе я вельмі худзенькая нізкая брунетка. Суддзя нават папрасіла мяне зняць маску і навяла на мяне камеру, каб зразумець, ці таго чалавека ён затрымліваў.
У нейкі момант у мяне з'явілася надзея, што, можа, мне нічога не прызначаць, але мяне аштрафавалі на 30 базавых.
Чарговае траплянне на Акрэсціна
Здарылася гэта 5 лютага. Я дакладна не ведаю, чаму забралі менавіта мяне. Забралі ўвесь актыў Сляпянкі. У мяне ёсць усе падставы меркаваць, што нас "злілі". Я жыла ў прыватным доме, да нас прыехалі пад выглядам інтэрнэт-правайдара "рамантаваць інтэрнэт".
Мужа скруцілі на падлозе, выключылі тэлефон, пачалі прасіць пароль ад планшэта, пачалі раскідваць мэблю. Лазілі ў паліцах і шафах, забралі мае нататнікі з запісамі, і калі яны былі гатовыя разбіць тэлевізар, я сказала пароль.
Тады яны перасталі ўсё граміць. З мужам прывезлі нас у КДБ. У КДБ допыт працягваўся ўсю ноч. У КДБ не білі. Ад мяне проста патрабавалі яўку з павіннай, я патрабавала адваката і выклік хуткай.
Мне казалі, што ёсць паказанні: "Усе кажуць, што ты адмін Сляпянкі". Я вырашыла, што адмаўляцца няма сэнсу і мне патрэбна хутчэй хуткая. Я ўзяла ўсё на сябе, а ў канцы напісала, што "і забіла Кенэдзі таксама я".
Калі следчы дачытаў гэта да канца і зразумеў маё стаўленне, то пачаў пагражаць, што згноіць мяне ў турме, і прымусіў усё перапісаць.
На наступны дзень нас павезлі з мужам у Следчы камітэт. Там я сказала, што хачу адваката і хуткую. Следчая выклікала адваката, а ён выклікаў хуткую. Мяне забралі ў лякарню з канвоем.
Траплянне на "Валадарку"
Наступны раз мяне дапытвалі ў сакавіку. Я не ведала, чаму я сяджу, што ім ад мяне трэба.
У мяне была абмежаваная перапіска. Лісты мне пачалі прыходзіць толькі пасля 9 сакавіка, мне аддалі адразу вялікі пачак. На той момант інфармацыі было нуль, я спрабавала даведацца, дзе знаходзіцца мой муж, але нічога не атрымалася. Толькі ў сакавіку я зразумела, што ён на волі.
Умовы ўвесь гэты час былі жудасныя. У камерах была толькі халодная вада. Каб памыцца і памыць рэчы, трэба было грэць ваду кіпяцільнікам. У камеру маглі падсадзіць каго хочаце: бамжоў, наркаманаў, алкаголікаў, псіхічна ненармальных.
Цяжарнасць
У сакавіку я зразумела, што ў мяне не пачаліся месячныя. Я запатрабавала, каб мне перадалі тэсты на цяжарнасць, але мне іх не перадавалі.
Гінеколага таксама не было, на яго трэба было запісацца. Я напісала ліст мужу, каб ён перадаў тэсты. Як потым я даведалася, ён спрабаваў гэта рабіць праз медыцынскія перадачы, праз звычайныя пасылкі, але тэсты канфіскоўваліся.
У сярэдзіне красавіка ў мяне пайшло малако. Я была цяжарная. Я сказала пра гэта лекару на "Валадарцы", у мяне ўзялі аналізы і пасадзілі на дыету.
Мне не давалі адказу, я працягвала патрабаваць агляд гінеколага. З улікам сваіх захворванняў я ведала, што мяне павінны былі на 4-5 месяцаў пакласці ў лякарню для захавання.
Я пачала пісаць адвакату, што мне не выклікаюць гінеколага. Адвакат пісаў хадайніцтва аб тым, што я цяжарная, але прыйшла адмова. Мяне не адпусцілі пад хатні арышт або пад заручэнне.
У красавіку да мяне прыехаў следчы з КДБ і шантажаваў мяне маёй жа цяжарнасцю. Яго цікавілі людзі, ён хацеў, каб я дала на іх паказанні.
Ён пагражаў, казаў, што я нараджу мёртвае дзіця. Што я магу памерці, што ён хоча дапамагчы мне. Калі я пайду на супрацу, то наступнае хадайніцтва адваката ўхваляць. Але я маўчала, мне проста не падабалася, што ён казаў.
У канцы красавіка мяне адправілі "ў стакан" на дзве гадзіны. Я ніколі раней не баялася замкнёных прастор, але праз нейкі час мне стала здавацца, што пачалі звужацца сцены, паехала столь уніз. З апошніх сіл я стукала ў дзверы і страціла прытомнасць. Мне выклікалі лекара і завялі ў камеру.
Кожную вялікую праверку я прасіла гінеколага. У адзін з дзён мы ўсёй камерай адмовіліся ад шпацыру, каб да мяне прывялі гінеколага.
Раз на месяц на працягу шасці месяцаў да мяне наведваўся следчы з КДБ, каб я дала паказанні на сяброў ці знаёмых. Адзін раз ён мне прад'явіў крадзеж машыны.
Аднойчы следчы паказаў мне фота нейкага хлопца. Як потым я зразумела, гэта быў Раман Пратасевіч. Мабыць, яны спрабавалі неяк мяне звязаць з ім.
Роды
Гэта было ў канцы ліпеня. Ноччу я адчула моцны боль у жываце. Я схадзіла ў прыбіральню і зразумела, што нараджаю.
Калі ў мяне пачаліся схваткі, прачнулася адна з суседак. Яна зразумела, што адбываецца, і пачала тарабаніць у дзверы. Сказала канваірам, што ў нас нараджаюць у пакоі. З сукамерніц многія зрабілі выгляд, што нічога не адбываецца.
Памятаю, было вельмі шмат крыві. Занадта шмат крыві. Усё было ў крыві.
Я нарадзіла дзіця да таго, як прыйшлі лекары. Я памятаю, што гэта было паўнавартаснае дзіця.
Памятаю, як у мяне яго забралі. Як мяне адвялі ў медсанчастку і маю суседку таксама. Там са мной размаўляў дзяжурны змены. Потым нехта яшчэ. І ўсе яны казалі: "Ты павінна гэта забыць, нічога не было". "Гэтая гісторыя не павінна выплыць, ты павінна маўчаць, інакш з "Валадаркі" ты не выйдзеш". Тое самае казалі і той дзеўцы.
У мяне да гэтага часу гэта ў галаве. Я прачынаюся ноччу, і ў мяне адчуванне, што я захрасла ў тым дні. Нібыта на волі, а нібыта па-ранейшаму там. Са мной цяпер камунікуе псіхолаг, ён кажа, што я павінна адпусціць гэтую гісторыю. А як яе адпусціць?
Тры дні да мяне ніхто не чапляўся. Памятаю, што мне нешта калолі. У мяне быў пасцельны рэжым. Мне можна было спаць, але я не спала, а глядзела ў адну кропку.
За гэтыя тры дні ніхто не спрабаваў са мной гаварыць.
Вызваленне
Потым прыехала новая дзяўчына ў камеру. Я даведалася, што яна была падсаджаная. Яна адзіная, хто са мной спрабаваў пагаварыць. Спачатку яна гаварыла пра ўсё, а потым расказала, што таксама была валанцёркай.
Я здзівілася, як нас маглі ў адну камеру пасадзіць. І я была ў такім стане, што пачала з ёй размаўляць. І нават стала ёй давяраць. Падумала, што добрай ідэяй будзе аддаць ёй запіску.
Я не ведала пасля гэтай гісторыі, вытрымаю я ці не, не ведала, што будзе далей. Напісала ў сшытку перадсмяротную запіску і перадала сшытак са словамі "перадай мужу".
На наступны дзень да мяне прыйшоў кадэбэшнік. Ён сказаў, што гатовы дапамагчы мне ў абмен на любы мой расказ. Але пасля да мяне ніхто не прыходзіў.
Так і атрымалася, што я адседзела шэсць месяцаў. Па маім крымінальным артыкуле — максімальны тэрмін. Павінны былі пачацца іншыя працэсуальныя дзеянні — альбо змяніць артыкул, альбо судзіць.
4 жніўня не прыйшла падоўжанка, а 5 жніўня я стала патрабаваць, каб мяне адпусцілі. Мне сказалі, што мяне кудысьці павязуць, я спачатку думала, што ў Жодзіна.
Прывезлі ў Следчы камітэт, дзе далі чатыры таблеткі фенібуту. Там я толькі памятаю, што мне далі нейкія дакументы, нешта сказалі. Я нічога не разумела, адвакат кажа "смялей усё падпісвай", і я падпісала.
Мяне вярнулі на "Валадарку", а ўвечары сказалі, каб я ішла з рэчамі на выхад. Так мяне выпусцілі на волю. Дома я даведалася, што мяне выпусцілі пад асабістае заручэнне.
Я разумела, што мяне выпусцілі з мэтай, каб я дала паказанні. 24 жніўня мяне запрасілі на допыт. Там ужо пыталіся наконт людзей, якія ім цікавыя.
Я не адказала ні на адно пытанне. Мне сталі пагражаць, што зноў адвязуць мяне на "Валадарку". Мой адвакат сказаў, што падабаронная стамілася і хоча адпачыць і прыйдзе на допыт пасля адпачынку. І следчы вырашыў мяне адпусціць.
Гэтая размова была апошняя. Я зразумела, што больш на допыт я не пайду. Мы з мужам хаваліся ў Беларусі, а потым выехалі з краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.