Як валанцёры дапамагаюць украінцам аднаўляць дамы пасля расійскай акупацыі
Рэпартаж з-пад Чарнігава, дзе талакою аднаўляюць разбуранае жыллё
Repair Together — адна з украінскіх ініцыятыў, накіраваная на дапамогу ва ўзнаўленні пасёлкаў, якія пацярпелі пасля расійскай акупацыі. Маладыя людзі арганізоўваюць талаку, разграбаюць і будуюць дамы, разам адпачываюць падчас прагляду кіно, праводзяць рэйвы і канцэрты.
Еўрарадыё наведала летнік валанцёраў у вёсцы пад Чарнігавам ды пагутарыла з моладдзю і мясцовымі жыхарамі, якія разам перажываюць аднаўленне месца пасля акупацыі.
Дом на вуліцы Міру
“Я ж так люблю беларусаў!” — кажа пры знаёмстве пані Тамара з вёскі Лукашыўка, што пад Чарнігавам. “І беларускую мову разумею. Мы калісьці ездзілі ў Беларусь прадаваць, пакупаць. А цяпер нельга, бо “ворагі”. Так хочацца, каб зноў так было”.
У пані Тамары пра Беларусь засталіся толькі цёплыя ўспаміны.
“Я думаю, што простыя людзі за нас. Яны ж не пайшлі сюды. Пастаялі — і назад павярнуліся. Калі б Беларусь яшчэ пайшла, то што было б? Капец быў бы ўсім”.
Да расіян у яе іншыя адносіны.
“Што там казаць, праз аднаго дурня нарабілася вось гэтае. Тры разы ў дом стралялі, і на трэці цалкам знішчылі. Я пытаю ў кацапаў: “Што мне рабіць? Пуцін мне пабудуе ці хто?” Яны смяяліся”.
Падчас аповеду пані Тамара заканчвае гатаваць абед для дзясятка маладых людзей, якія ў яе двары будуюць дом. Грае гучная тэхна-музыка. Хлопцы і дзяўчаты — пры справах. Нехта робіць сходы перад ганкам, нехта фарбуе сцены, нехта носіць бутэрброды і смажаных карасёў, якіх прыгатавала гаспадыня.
Пані Тамара кажа, што музыка ёй не перашкаджае.
“Мне ўсе дзеці падабаюцца. Яны ўсё правільна робяць і хай пад музыку. Гэта ж прыгажосць. Я ж не сяджу каля іх, я намагаюся гатаваць ежу. Мы так цешымся, чакаем выходных, калі яны прыедуць, бо што мы з дзедам удваіх”.
Побач ходзіць муж пані Тамары Аляксей Аляксеевіч і круціць папяроску з газетнай паперы з ўласнавырашчанага тытуню. Яны з жонкай жывуць ужо 41 год разам. Маюць двух сыноў. Адзін жыве ў Германіі, другі побач — у Чарнігаве. Калі пачаўся наступ з тэрыторыі Беларусі, апошні з сям’ёй паехаў да бацькоў, бо ніхто не думаў, што ў вёску зойдуць танкі.
Калі зайшлі расіяне, яны ўсе хаваліся ў пограбе. Гэта адбылося 9 сакавіка, на наступны дзень яны знішчылі палову дома, а 12-га ён ужо цалкам згарэў.
“Усё гарэла. Я ў агародзе стаяла і сабе не верыла: дым, шыфер трашчыць, жывёлы ў хляву крычаць. Гэта было страшна. Тут свістала паўсюль, а мы былі ў пограбе. Сядзелі 21 дзень. Есці ўжо хутка не было чаго. Ледзьве выжывалі”.
Паводле пані Тамары, у вёсцы стаяла 70 танкаў. Амаль у кожным двары.
Сышлі расіяне 30 сакавіка. А потым, як кажа пані Тамара, прыехалі дзеці са сталіцы. Назваліся “Талакою”.
“Я думаю: які цуд. У нас тут 50 чалавек прыбіралі. Я ж думала, што кіяўляне крутыя там, па рэстаранах сядзяць. А яны як мурашкі, не было беларучак. Яны ўсё разбіралі. А потым хлопцы кажуць: “Хочаце, каб вам дом збудавалі?” Я не паверыла. А яны пачалі будаваць з фундамента”.
Пакуль ідзе будоўля, Тамара і Аляксей жывуць у часовым дамку.
“Яны ўсе дзякуюць, а я што магу — наварыць ім паесці. Мне ўсе дзеці падабаюцца. Яны ўсё правільна робяць, і хай пад музыку танчаць і робяць. Гэта ж прыгажосць”.
Прараб на будоўлі — Сяргій. Як кажа пані Тамара, будуе як для сябе. Сам ён з Адэсы, але вясной перабраўся ў Кіеў, тады ж і даведаўся пра “Талаку”. Яго кампанія пастаўляла матэрыялы на дабрачыннасць. Там расказалі, што ёсць такая валанцёрская арганізацыя, якая адбудоўвае мястэчкі.
"Мне стала цікава. Я вырашыў паспрабаваць. Прыехаў — і адразу запісаўся ў будаўніцтва, бо я сам будаўнік".
У асноўным Сяргій прыязджае на выхадныя, але аднойчы браў адпачынак, каб прыехаць на тыдзень.
"Сам па сабе я чалавек камунікабельны і адкрыты. Мне цікава стасавацца з людзьмі. Калі мне толькі расказалі пра арганізацыю, я адразу зразумеў, што знайду аднадумцаў. Паралельна я люблю будаваць, атрымалася два ў адным”.
Сяргій расказаў, што людзі, якія працуюць у гэтым доме, — гэта сталая каманда людзей, якія не мелі ніякага дачынення да будоўлі раней. Навучыліся ўсяму на месцы.
“Ім цікава. І яны пачынаюць пастаянна сюды ездзіць. Людзі прыязджаюць сюды па атмасферу, па тое, што мы можам тут аб’яднаць дапамогу, нават па нейкім адпачынак ад горада і звычайнага жыцця. Мы ўжо парадніліся з гаспадарамі. Намагаемся і хочам зрабіць так, каб яны маглі ўжо спакойна перазімаваць у новым будынку”.
Цяпер каманда на вуліцы Міру заканчвае працы пад адкрытым небам, каб зімою працягваць унутры: дафарбоўваць, ставіць разеткі, класці плітку.
“Талака”, Repair Together, “Інбут”: дапамагаем усім светам
На суседняй вуліцы месціцца лагер валанцёраў Repair Together. Тут для іх створаныя ўсе ўмовы. У полі побач стаяць намёты, ёсць кухня пад адкрытым небам, душ. На дрэвах вісяць упрыгожванні, недзе ляжаць дываны – кожны дзіўны элемент стварае лампавае асяроддзе.
Каардынатар на месцы — Дмытро, малады хлопец, які ў звычайным жыцці працуе айцішнікам у Кіеве. Ён расказаў, што сам праект пачаўся летась з фармату выхаднога дня пад назвай “Талака”.
Арганізатары збіралі людзей з Кіева і прывозілі сюды разбіраць завалы — згарэлыя і пашкоджаныя будынкі. Сёлета дадаткова арганізавалі пастаянны лагер, каб больш эфектыўна выкарыстоўваць сілы і рэсурсы валанцёраў на будоўлі. Так з’явіўся “Інбут” — Інтэрнацыянальны будаўнічы лагер. Ён адкрыты штодзённа і ў асноўным збірае замежнікаў, якія прыязджаюць адразу на некалькі тыдняў або месяц. Ёсць людзі з ЗША, Чылі ды іншых краін свету.
Валанцёрам у закупцы матэрыялаў дапамагаюць шматлікія фонды. Пасля сродкі размяркоўваюцца ў залежнасці ад патрэб будаўнікоў.
“На цяперашні момант у нас у працы 10 будынкаў на розных этапах. Планы ў нас амбітныя, бо пабудаваць столькі валанцёрскімі сіламі належнай якасці паводле праекта — гэта складаная праца. Але я ганаруся, што ў нас ёсць магчымасць працаваць так, што нават людзі без будаўнічага досведу могуць прыехаць, атрымаць інструкцыю, убачыць прыклад і пабудаваць што заўгодна. Напрыклад, узвесці сцены, або заліць армапояс, або зрабіць фундамент, або зразумець, як выкапаць траншэю, якія інструменты для гэтага патрэбныя”.
Ёсць нават аб'ект, які будуюць толькі дзяўчаты! Яго называюць "Велике Дівництво". Такім чынам яны паказваюць, што могуць рабіць такія ж работы, як і мужчыны. Дмытро лічыць, што цяпер гэта робіцца неабходным досведам для ўсіх.
“І крута, што ў людзей зараз ёсць магчымасць гэтым займацца і выкарыстоўваць свае сілы для аднаўлення Украіны”.
Акрамя самой працы, арганізатары дбаюць і пра культурную праграму. На выхадныя яны запрашаюць музыкаў, дыджэяў і нават стэндапераў.
“Мы намагаемся зрабіць валанцёрства больш мэйнстрымавым і прыемным для людзей. Каб не падавалася, што гэта толькі цяжкая праца”.
Дмытро кажа, што выбар месца менавіта ў Чарнігаве быў не выпадковым. Першапачаткова валанцёры прыехалі сюды з гуманітарнай дапамогай і пабачылі, што ёсць запыт на аднаўленне вёскі. Большасць людзей прыязджае цяпер у лагер з вялікіх гарадоў: Кіеў, Адэса, Харкаў.
Пакуль музыкі робяць саўндчэк перад вечаровым канцэртам, мы натрапілі на валанцёра з “Інбута” Раяна. Ён амерыканец, які шмат гадоў працуе паміж Еўропай і Блізкім Усходам. Перад поўнамаштабнай вайной ён жыў у Чарнігаве. Паводле спецыяльнасці ён псіхатэрапеўт, дапамагае людзям, якія перажылі траўмы ў выніку збройных канфліктаў.
Лагер ажывае. Паціху пачынаюць збірацца валанцёры, якія вяртаюцца з аб’ектаў. Хтосьці ідзе ў душ, нехта — адразу па абед. Да агульнага стала прыходзіць і баба Надзя.
Баба Надзя і яе дзеці
Баба Надзя прывезла вялікую талерку з аладкамі. Калі мы знаёміся, да яе падбягае дзяўчына і пытаецца, ці ёсць у ежы яйкі ці малако. Баба Надзя ж з ахвотай проста распавяла ёй рэцэпт.
Наша беларускае паходжанне выклікае ў яе пазітыўную рэакцыю, маўляў, у яе зяця ў Гомелі стрыечныя браты жывуць.
“Вельмі добрыя браты, два дубы. Часам яны тэлефануюць і падтрымліваюць нашу Украіну. А бачыце, няма магчымасці прыехаць і сустрэцца”.
Бабе Надзі 64 года. Усіх валанцёраў яна называе дзеткамі, хаця яе родныя жывуць недалёка, у горадзе.
“Я кожны дзень ім гатую. Яны мне вельмі дапамаглі аднавіць мой будынак. У мяне быў пабіты дах і дзверы. Вокнаў не было, варотаў не было, я жыла на майдане літаральна два-тры месяцы. Яны ўсе скінуліся, дзверы паставілі і дах перакрылі — гэта ўсё дзякуючы гэтым дзецям”.
Падчас расійскай акупацыі ў яе пад акном стаяў танк, а ў пограбе хавалася 17 чалавек, уся яе сям’я: дзеці, унукі, сваты. Яшчэ чацвярых, кажа баба Надзя, з вуліцы забрала. Сама яна ў пограб рэдка хадзіла, бо ў доме заставалася 96-гадовая цётка, якая памерла гэтым летам.
“Калі былі абстрэлы, яна была ў хаце, нічога не чула, бо стала глухая. Я сказала ёй, што вайна і што рускія прыходзілі. Яна ўсё бачыла і плакала. І пыталася іх, калі пойдуць дадому, бо ў іх жа сем’і ёсць. Яны ёй нічога не адказвалі. Адзін толькі ўпаў на калені, рукі пацалаваў, расплакаўся, сабраўся і пайшоў. І пытае, колькі ёй гадоў. Кажу, што 96, яна і голад пражыла, і вайну ўжо адну, а цяпер трэба і другую перажыць”.
Бабу Надзю сапраўды ведаюць усе. Пакуль мы праходзім праз лагер, з ёй вітаюцца, дзякуюць за аладкі. Каля кухні прапануюць кавун з Херсона.
“Такая прыгажосць, што яны нам вёску адбудоўваюць. У нас шмат не пацярпелых будынкаў з газам прадаецца, толькі касметычны рамонт трэба рабіць. А як паглядзіш, на Данбасе няма дзе жыць… А тут можна жыць”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.