“Яшчэ больш трывожна”: ЕС пра ідэі беларускага парламента аб смяротным пакаранні
Еўрасаюз устрывожаны магчымымі зменамі ў крымінальны кодэкс Беларусі, згодна з якімі можа стаць магчымым пашырэнне выкарыстання смяротнага пакарання.
Трыццаці шасці палітычным зняволеным у Беларусі прад’яўлены абвінавачванні ў тэрарызме ці ўжо прысуджаны працяглы тэрмін зняволення па такім абвінавачванні, напомніла Еўрапейская служба знешніх дзеянняў.
Нацыянальны сход Беларусі 28 красавіка ўхваліў папраўку да Крымінальнага кодэкса, якая ў выпадку прыняцця дазволіць ужыванне смяротнага пакарання за “замах на здзяйсненне тэрарыстычнага акта”. Гэты супярэчыць сусветнай тэндэнцыі адмовы ад смяротнага пакарання, гаворыцца ў прэс-рэлізе службы.
“Гэтая папраўка да Крымінальнага кодэкса адкрывае магчымасці для далейшых сур'ёзных злоўжыванняў. Многія з абвінавачаных паўстаюць перад судом на таемных, несправядлівых і прадузятых судовых працэсах, часта па сфабрыкаваных абвінавачаннях і без якіх-небудзь прававых гарантый. Цяпер ім таксама можа пагражаць смяротнае пакаранне”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Цяперашні палітычны кантэкст у Беларусі робіць гэты паварот падзей яшчэ больш трывожным, дадаюць у Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.