"Ёкерыт" разграміў мінскае "Дынама" — 7:1 і перамог у серыі
5 лютага ў Хельсінкі прайшоў пяты матч каманд у плэй-оф.
Мінскае "Дынама" не змагло годна супраціўляцца фінскаму "Ёкерыту" ў чарговым матчы 1/8 фінала хакейнага Кубка Гагарына, які прайшоў 5 лютага ў Хельсінкі. Гаспадары пляцоўкі разграмілі дынамаўцаў з лікам 7:1 (3:0, 3:0, 1:1). На апошніх хвілінах матча адзіную шайбу ў браму фінаў закінуў Шарль Лінгле. Так ганебна беларускі клуб скончыў сваё выступленне ў плэй-оф. Лік у серыі стаў 4:1 на карысць "Ёкерыта" і ён крочыць далей.
Нагадаем, "Дынама" здолела выйграць толькі аднойчы — ў самым першым матчы, які прайшоў у Хельсінкі — 3:2 (у авертайме). Пасля было паражэнне на той жа пляцоўцы — 1:4. У Мінску фіны перамаглі двойчы — 5:0 і 2:1.
Мінскае "Дынама" сёлета заняло 5-е месца ў Заходняй канферэнцыі, упершыню за час выступленняў у КХЛ набрала 100 ачкоў. Аднак пераадолець першы бар'ер плэй-оф не здолела.
Фота: ria.ru