“Ён узмацняў ардынскае іга”. Кім быў Неўскі, помнік якому паставілі ў Мінску
У Мінску з пафасам адкрылі помнік рускаму князю і святому Аляксандру Неўскаму
У Мінску з вялізнай помпай адкрылі помнік Аляксандру Неўскаму — святому, якога Руская праваслаўная царква лічыць нябесным заступнікам вайскоўцаў. Прапаганда назвала помнік “фундаментальным сімвалам адзінства” і “сімвалам агульнай гістарычнай памяці”. Чыноўнікі на адкрыцці манумента рабілі хто на што здольны: нехта хрысціўся, нехта стараўся прадэманстраваць глыбокую пашану. Заўзяты абаронца гісторыі беларускай дзяржаўнасці дэпутат Ігар Марзалюк кінематаграфічна схіліў перад Аляксандрам Неўскім галаву.
Навошта Мінску гэты помнік і ці сапраўды асоба Неўскага так моцна звязаная з Беларуссю? Еўрарадыё спытала пра гэта кандыдата гістарычных навук Алеся Пашкевіча.
— Аляксандр Неўскі — вядомы ноўгарадскі князь. Чаму ён такі важны для расіян, для іх нацыянальнага міфа? З ягоным імем звязаныя вядомыя перамогі над тэўтонскімі рыцарамі: бітва на Няве (1240) і бітва на Чудскім возеры (1242), дзе на лёдзе разбілі рыцараў. Пра гэта было складзена шмат расійскіх літаратурных твораў, фільмы былі знятыя. Аляксандру Неўскаму прыпісваецца знакамітая фраза: "Хто да нас з мячом прыйдзе, ад мяча і загіне". Гэта міфалагічна важная постаць для рускай дзяржаўнасці, — нагадвае Алесь Пашкевіч.
Разам з тым Аляксандр Неўскі быў даволі супярэчлівай асобай. Яго біяграфія складаецца не толькі з гераічных учынкаў. На іх звярнуў увагу палітолаг Павел Усаў:
– Ён узмацняў ардынскае іга на землях расійскіх княстваў. Як ён расправіўся з Ноўгарадам, які не быў заваяваны і не плаціў ніякай даніны ханам… Неўскі што зрабіў? Ён назбіраў татараў, пайшоў на Ноўгарад і змусіў ноўгарадцаў плаціць даніну. Масковія — гэта працяг ардынскага панавання.
Ну добра, Расія лічыць Неўскага сваім героем і святым, але пры чым тут Беларусь? Аўтары ідэі паставіць помнік Неўскаму ў Мінску — расійская амбасада, Мінгарвыканкам і Беларускі экзархат РПЦ — знайшлі, чым сябе апраўдаць. Князь Аляксандр Неўскі быў жанаты з полацкай князёўнай.
— Акрамя таго, што яго жонкай была дачка віцебскага князя Брачыслава, ніякіх іншых повязяў з нашай зямлёй у яго не было. Ён быў заняты сваімі справамі, адбіваў атакі захаду. Таму сказаць, што ён заслугоўвае нейкага ўшанавання як свой чалавек на нашай зямлі, — вялікае перабольшанне. У тыя часы міждынастычныя шлюбы былі распаўсюджанай з'явай, таму што бралі ў жонкі са сваіх. Калі з гэтай логікі зыходзіць, то такія помнікі можна ставіць уладарам любых земляў па ўсёй Беларусі, бо хтосьці там узяў у жонкі нашую князёўну, — разважае гісторык.
— Гэта больш сведчыць пра ўмацаванне ідэалагічных пазіцый Расіі. Яна такім чынам пазначае тэрыторыю, — заўважае суразмоўца Еўрарадыё.
З гэтым згодны і Павел Усаў.
— Мы заўсёды былі альтэрнатывай маскоўска-ардынскаму панаванню. Вядома, трэба з памяці беларусаў, з культурных генаў сцерці самую думку, што мы ніколі не былі пад мангольскім ігам, мы былі альтэрнатывай для Масковіі, былі руска-літоўскай дзяржавай — не расійскай, не маскоўскай, — былі культурным сховішчам таго, што збудавалі ўсходнія славяне на гэтых тэрыторыях. І вось гэта імкнуцца цяпер зачысціць, — лічыць палітолаг.
Пры тым, што Беларусі самой варта было б умацаваць уласныя культурныя традыцыі, а не звяртацца да спадчыны, на якой настойваюць расіяне.
— Неўшанаваных дзеячаў у нас вельмі шмат. Конных помнікаў можна ставіць каго заўгодна! Вялікія літоўскія князі ў нас не ўшанаваныя, хоць мы памятаем, што ёсць помнік Альгерду ў Віцебску, помнік Гедыміну ў Лідзе — яны паспелі з'явіцца і стаяць дагэтуль. Але ёсць і іншыя князі, той самы Вітаўт, якому няма пакуль што помнікаў. Няма коннага помніка Усяславу Чарадзею, ну і розным вялікім гетманам. Той жа гетман Хадкевіч ці Юры Радзівіл, вядомы як літоўскі Геркулес. У нас хапае сваіх герояў, якіх можна ўшаноўваць і ставіць па гарадах помнікі, а не звяртацца да расійскага пантэону, — падсумоўвае Алесь Пашкевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.