З 1 ліпеня ў Беларусі перастануць існаваць дамы-інтэрнаты
Пакой у інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця
Беларускія ўлады нечакана вырашылі скончыць з савецкім мінулым, пераназваўшы дамы-інтэрнаты ў сацыяльныя пансіянаты. Пра гэта заявіў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Пётр Шуцько.
Па яго словах, дом-інтэрнат цяпер і 25 гадоў таму — гэта абсалютна розныя ўстановы. Маўляў, калі раней яны прадугледжвалі толькі кругласутачны дагляд і медабслугоўванне, то цяпер у стацыянарных установах існуюць розныя віды рэабілітацыі — медыцынская, сацыяльная, працоўная.
"Разам з тым да самога словазлучэння "дом-інтэрнат" у грамадстве захавалася негатыўнае стаўленне. Каб змяніць сітуацыю, мы адыходзім ад старых назваў", — растлумачыў чыноўнік рашэнне ўладаў.
З 1 ліпеня сацыяльнымі пансіянатамі стануць называцца ўсе такія ўстановы краіны — дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў, для дзяцей-інвалідаў, а таксама псіханеўралагічнага профілю. Гэтая змена прадугледжана ўступленнем у сілу новай рэдакцыі Закона "Аб сацыяльным абслугоўванні".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.