З-за Еўрагульняў у Беларусі прыпынілі дапамогу юным гандбалістам?
З-за Еўрагульняў у Беларусі прыпынілі дапамогу юным гандбалістам. Гэта вынікае з ліста, які быў разасланы Беларускай федэрацыяй гандбола ў дзіцяча-юнацкія школы і быў змешчаны на сайце by.tribuna.com.
У згаданым лісце адзначаецца, што аказанне дапамогі аддзяленням гандбола ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах федэрацыяй прыпыняецца “у сувязі з правядзеннем у 2019 годзе II Еўрапейскіх гульняў у Беларусі”. У гэты перыяд на дапамогу могуць спадзявацца толькі аддзяленні гандбола, якія адкрываюцца. Яна магчымая і пры ўводзе новых спартыўных аб’ектаў.
БФГ адзначае, што “штогод накіроўвае істотныя фінансавыя рэсурсы на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзіцяча-юнацкага гандбола, а таксама на правядзенне дзіцячых спартыўных мерапрыемстваў”. Усе існуючыя аддзяленні гандбола былі забяспечаны “неабходным спартыўным інвентаром і абсталяваннем”. І цяпер федэрацыя чакае “поўнай аддачы” ад працы аддзяленняў гандбола, “асабліва па падрыхтоўцы на месцах годнага рэзерву і правядзенні неабходнай селекцыі”.
Сайт by.tribuna.com нагадвае, што гандбол не ўвайшоў у праграму спаборніцтваў Еўрагульняў, якія пройдуць у Беларусі летам 2019-га.