Засяваць радыяцыйную зямлю калгасам не дазволілі

Летась у Гомельскай вобласці дазволілі перавесці з катэгорыі радыяцыйна небяспечных пад кармавую кукурузу шесць гектараў зямлі. Галоўны спецыяліст камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкаму Уладзімір Рагавенка лічыць, што гэта вельмі мала.

Сёлета два калгасы Брагінскага і адзін Хойніцкага раёнаў прапанавалі прызнаць прыдатнымі да гаспадарчага выкарыстання сотні гектараў забруджаных земляў.

Старшыні трох гаспадарак вырашылі не разменьвацца на дробязі. У Брагінскім раёне было прапанавана вывесці з катэгорыі радыяцыйна небяспечных 1484 гектары зямлі, а ў Хойніцкім — 565 га.

Міністэрства сельскай гаспадаркі і дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ідэю калгасаў не падтрымалі. Супрацоўнік дэпартамента Генадзь Анцыпаў да падобнай ідэі ставіцца па-філасофску.

Генадзь Анцыпаў: “Ставіць пытанне ніколі не рана і не позна. Бо гэта ўсяго толькі пастаноўка пытання, а не рашэнне. А рашэнне — гэта “ўводзіць альбо не”. А калі ўводзіць, то — калі гэта можна рабіць.

Вось тут выконваюцца неабходныя прынцыпы, падыходы і г.д. Чалавек уздымае пытанне на ўзроўні сваёй дасведчанасці. Там палічылі, што зямлёй можна карыстацца. Гэта іх права. А спецыялісты вырашылі па-іншаму”.


Але распавесці, чаму спецыялісты вырашылі па-іншаму і наколькі забруджаная зямля, чыноўнік чамусьці адмовіўся.

Галоўны спецыяліст камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкаму Уладзімір Рагавенка жаданне выкарыстоўваць кінутую зямлі ў гаспадарцы разумее — калісьці яна была вельмі ўрадлівай і там збіралі добрыя ўраджаі. Разумее і сэнс адмовы.

Уладзімір Рагавенка: “Гэта ж не проста так адмовілі. У нас ёсць спецыяльная служба, якая праверыла на тых землях і расліны, і глебу. Эксперты Мінсельгасхарча, Міністэрства аховы здароўя, Мінчарнобыля зрабілі выснову, што гэтая зямля — непрыдатная для гаспадарчага выкарыстання. Па ўзроўні радыяцыйнай забруджанасці”.

Толькі гэта зусім не значыць, што небяспечная зямля насамрэч ніяк не выкарыстоўваецца. Бульбу альбо жыта там не вырошчваюць. Але кароў пасвяць і сена на зіму назапашваюць.

Так робяць у саўгасе “Барысаўшчына” Хойніцкага раёну. Менавіта гэтая гаспадарка прасіла вывесці з катэгорыіі радыяцыйна небяспечных 565 гектараў зямлі. Ёй адмовілі. Але нічога страшнага ў гэтым старшыня саўгаса Аляксандр Варабей не бачыць.

Аляксандр Варабей: “У нас усе землі выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Толькі ўзровень забруджанасці там, дзе сенакосы і выпасы, вышэйшы.

Справа ў тым, што на мясакамбінатах абавязкова праводзіцца радыяцыйны кантроль, і забруджанае мяса туды ніякім чынам не патрапіць. І пры нарыхтоўцы кармоў мы таксама праводзім такі кантроль, каб сума назапашанай радыяцыі не перавышала нормы, прынятыя ў нашай краіне. Ва ўсякім разе, брудную жывёлу мы не здаём”.


Але гэтую ўпэўненасць старшыні саўгаса наўрад ці можна лічыць адказам на пытанне, чаму гэтую зямлю спецыялісты забаранілі распрацоўваць у гаспадарчых мэтах.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі