Зборная Беларусі перамагла Латвію і выйшла ў 1/4 фінала!

У першым перыядзе дзве прыгожыя шайбы за 33 секунды закінулі Джэф Плат і Міхаіл Грабоўскі, у другім перыядзе Кулда адыграў адну шайбу. Выніковы лік — 3:1, Сяргей Касціцын закінуў на апошніх секундах шайбу ў пустую браму. Беларусь у чвэрцьфінале!

Адзначым, што за 36 секунд да канца сустрэчы пры ліку 2:1 на карысць беларусаў арбітры не залічылі гол форварда зборнай Латвіі Каспарса Даўгавіньша. Суддзі спаслаліся на тое, што ў гэты момант Гінтс Мэя знаходзіўся ў плошчы варот. Пратэстуючы супраць такога рашэння, Даўгавіньш зламаў клюшку і быў выдалены да канца матчу за неспартовыя паводзіны.

Як перадае сайт belarushockey.com, кіраўнік Федэрацыі хакея Латвіі Кіраў Ліпман вельмі незадаволены рашэннем адмяніць шайбу.

“Суддзі былі зацікаўленыя ў перамозе беларусаў, і латвійцы будуць змагацца да канца, каб вынік сустрэчы быў перагледжаны. Гэта сітуацыя — найчысцейшая змова”, — сказаў Ліпман.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер зборнай Латвіі Тэд Нолан таксама выказаў прэтэнзіі да працы суддзяў.

"Віншую беларусаў з добрай гульнёй. Ні ў якім разе не хачу выказваць непавагу саперніку, але я вельмі хачу паглядзець паўтор нашай другой шайбы і пераканацца, наколькі правільна яна была адменена. З маёй пазіцыі гэта быў чысты гол. Па-мойму, у гонар гэтага арбітра трэба назваць у Беларусі вуліцу. Паўтаруся: ніякіх прэтэнзій да саперніка. Толькі да суддзяў", — цытуе Нолана by.tribuna.com.

На пытанне журналістаў, якое тлумачэнне ад суддзяў атрымаў трэнер пасля адмены гола, Нолан адказаў:

"Ніякага. Наогул! Гэта вельмі дзіўна. Тым больш на чэмпіянаце свету. Гэта простая павага да гульні: хаця б паглядзець паўтор такога спрэчнага моманту на апошняй хвіліне, думаю, можна было. Але арбітры паступілі проста. Як быццам пстрыкнулі пальцамі — і ўсё вырашылі. Лічу, гэта непавага да каманд, да гульні. Але я не скарджуся. Маем тое, што маем".

У сваю чаргу трэнер зборнай Беларусі Глен Хэнлан не стаў каментаваць дзеянні арбітраў.

"Не хацеў бы каментаваць арбітраў і судзейства. Гэта не мая кампетэнцыя. Наогул, арбітры на чэмпіянат свету адбіраюцца з усяго свету. Я выдатна разумею эмоцыі Тэда. Але не хацеў бы нічога каментаваць".

Дарэчы, на матчы быў устаноўлены новы рэкорд наведвальнасці — 14531 глядач.
 

Вынікі іншых матчаў: Казахстан — Фінляндыя — 3:4, Данія — Францыя — 2:6, Італія — Швецыя — 1:5.
 

Група "В": Расія — 18 ачкоў (6 матчаў), Беларусь — 12 (6), ЗША — 11 (6), Фінляндыя — 11 (7), Латвія — 9 (6), Швейцарыя — 7 (6), Нямеччына – 5 (6), Казахстан — 2 (7).

Нагадаем, перад сённяшнім матчам выказаўся Аляксандр Лукашэнка: "Прайграем — значыць мы сваё жыццё значна ўскладнім і, магчыма, скончым выступленне на гэтым чэмпіянаце свету, перакрэслім усё, што было зроблена добрага, сапсуем настрой нашым людзям".
 

20 траўня пройдуць наступныя матчы: Нямеччына — ЗША (Мінск-Арэна, 12.45), Нарвегія — Канада (Чыжоўка-Арэна, 12.45), Латвія — Швейцарыя (Мінск-Арэна, 16.45), Данія — Славакія (Чыжоўка-Арэна, 16.45), Расія — Беларусь (Мінск-Арэна, 20.45), Чэхія — Францыя (Чыжоўка-Арэна, 20.45).

У 1/4 фінала выходзяць па 4 лепшых каманды з кожнай групы. Аўтсайдэры груп мусяць развітацца з элітай.

Чвэрцьфіналы пройдуць 22 траўня, 1/2 фінала — 24 траўня. Фінал і матч за трэцяе месца — 25 траўня на "Мінск-Арэне".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі