Жанчына спрабавала ў "інтымным месцы" пранесці ў калонію наркотыкі
Кур'ёзны выпадак з наркакур'ерам адбыўся на Брэстчыне.
Як піша абласная газета "Заря", брэсцкія праваахоўнікі затрымалі злачынную групу, якая займалася вырабам і рэалізацыяй наркатычных і псіхатропных рэчываў. Наркабізнес наладзіў жыхар гораду разам са сваёй сужыцельніцай. Па месцы жыхарства фігурантаў крымінальнай справы былі знойдзеныя марыхуана, ацэтыляваны і экстракцыйны опій, розныя таблеткі і вырабленыя з іх прэпараты.
Аднак найбольшую цікавасць у крымінальнай справе выклікае эпізод, калі наркагандляры спрабавалі наладзіць дастаўку наркотыкаў у папраўчую калонію. Там адбываў пакаранне іх патэнцыйны "кліент".
Зламысная пара завербавала сваю знаёмую. Яе папрасілі даставіць палімерны пакет са скруткам на тэрыторыю папраўчай установы. У пасылцы знаходзілася марыхуана масай 2,74 грама і парашкападобнае рэчыва, якое змяшчае ў сваім складзе небяспечны псіхатроп — псеўдаэфедрын, масай 3,6 грама. Паведамляецца, што кантрабандыстка нібыта не ведала, што на самой справе знаходзіцца ў скрутку. Жанчына даставіла пакет на тэрыторыю калоніі, папярэдне схаваўшы яго ў інтымным месцы. Аднак яе затрымалі супрацоўнікі міліцыі, якія канфіскавалі скрутак з небяспечнымі рэчывамі.
Галоўныя фігуранты крымінальнай справы пасталі перад судом. У жніўні 2015 года суд Ленінскага раёна Брэста прызначыў пакаранне наркадылеру ў выглядзе 13 гадоў пазбаўлення волі, а яго хаўрусніцы — 11 гадоў пазбаўлення волі.
Фота: 112.ua