Журналістка, якая рабіла праграму "На кантролі прэзідэнта", сышла з БТ
З Белтэлерадыёкампаніі звольнілася Надзея Сербіненка — аўтарка праграмы "На кантролі прэзідэнта", а таксама сюжэтаў навін у праграмах "Панарама" і "Галоўны эфір".
Пра сваё звальненне журналістка напісала ў сваім акаўнце ў Instagram.
"Проста стала відавочна, што працягваць з'яўляцца ў эфіры, здымаць сюжэты, запісваць інтэрв'ю са звычайнымі людзьмі па ўсёй краіне ЯК РАНЕЙ больш не атрымаецца", — напісала Сербіненка.
Яна заявіла, што была ў адпачынку з 17 жніўня і пасля гэтага вырашыла сысці з БТ: "Таму што змяніць нічога не магу, а закрываць вочы і не заўважаць таго, што адбываецца, — таксама".
Журналістка адзначыла, што ў Агенцтве тэленавінаў (АТН) яна адпрацавала сем гадоў, пачаўшы яшчэ студэнткай журфака.
Гэта не першае гучнае звальненне з БТ. Раней адтуль сышоў кіраўнік прэзідэнцкага пулу на тэлебачанні Дзмітрый Семчанка. Помсцячы за гучны сыход, улады пасадзілі Семчанку пад арышт на 15 сутак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.