Зяленскі перапісваецца з падазраванымі ў забойстве Шарамета

Зяленскі перапісваецца з падазраванымі ў забойстве Шарамета

Уладзімір Зяленскі перапісваецца з абвінавачанымі па справе забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета. Пра гэта прэзідэнт Украіны распавёў 20 траўня падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай двухгоддзю знаходжання ва ўладзе.

Зяленскі нават паказаў журналісту сваю перапіску з Янай Дугар, якую падазраюць у датычнасці да забойства.

“Калі б я на 100% верыў, што гэтая дзяўчына, Яна Дугар, была датычная да забойства, я б не перапісваўся з ёй. Я не ведаю, хто забойца. Калі б я ведаў, я б усё зрабіў. Нават па-за законам адправіў бы іх у турму. Мне шкада, што я тады не быў прэзідэнтам”, — заявіў Зяленскі.

Па словах Зяленскага, у выпадку, калі будзе даказана, што яны не вінаватыя, ён гатовы падымаць пытанне змены міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава. 

Павел Шарамет загінуў у Кіеве 20 ліпеня 2016 года — яго аўтамабіль быў узарваны. У снежні 2019 года міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў у прысутнасці прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага заявіў пра раскрыццё справы. Падазраванымі была названая група асобаў — музыка, ветэран Антытэрарыстычнай аперацыі Андрэй Антоненка, дзіцячы кардыёхірург Юлія Кузьменка ("Ліса"), ваенная медсястра Яна Дугар. 

Па версіі следства, Дугар праводзіла разведку, выбуховае прыстасаванне ў аўтамабіль закладвала Кузьменка, а Антоненка яе суправаджаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі