Адной з фігурантак "справы Аўтуховіча" скасавалі 1 месяц тэрміну
Падчас суда па справе Мікалая Аўтуховіча / БЕЛТА
Вярхоўны суд 31 сакавіка разгледзеў апеляцыю фігурантаў "справы Аўтуховіча", паводле якой былі асуджаныя 12 чалавек.
Суд скасаваў пакаранне двум асуджаным. Мікалая Аўтуховіча "з прычыны заканчэння тэрмінаў даўнасці" вызвалілі ад адказнасці ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да паражальных прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) КК Беларусі. Тым не менш, тэрмін пакарання Аўтуховічу не скарацілі — тыя ж 25 гадоў, якія прысудзіў яму суд.
Ірыну Гарачкіну вызвалілі ад пакарання паводле ч. 1 арт. 405 (укрывальніцтва злачынстваў). Прычынай таксама называецца заканчэнне тэрмінаў даўнасці. Жанчына была асуджаная на 6 гадоў і 1 месяц — цяпер ёй скасавалі гэты 1 месяц зняволення. Абавязак заплаціць штраф у 9600 рублёў (300 базавых велічыняў) пакінулі.
Прысуды ўім астатнім фігурантам справы засталіся без зменаў.
Мікалая Аўтуховіча разам з іншымі фігурантамі справы затрымалі ў снежні 2020 года. Яго назвалі арганізатарам і кіраўніком "тэрарыстычнай групоўкі". Фігурантаў справы асудзілі па абвінавачанні ў падпале аўтамабіляў і дамоў міліцыянтаў Гродзенскай вобласці.
Аўтуховіча асудзілі на 25 гадоў калоніі. Іншыя фігуранты (у тым ліку жанчыны) таксама атрымалі вялікія тэрміны — да 20 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.