“Адзінай Расіі” не атрымаецца: навошта “Белая Русь” становіцца партыяй?
Пасяджэнне "Белай Русі" / "СБ: Беларусь сегодня"
Кардынальных зменаў у палітычным жыцці Беларусі пасля таго, як “Белая Русь” стане партыяй, не адбудзецца. Пра гэта Еўрарадыё кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Сёння яе кіраўніцтва заявіла пра перафармаванне ў партыю.
“Відавочна, што кіраўніцтва “Белай Русі” — гэтай праўладнай, безумоўна, структуры, якая маскiруецца пад грамадскае аб’яднанне, — атрымала нейкую адмашку зверху. Доўгачаканую для іх, бо некалькі разоў быў фальстарт. Лукашэнка публічна і ў бесцырымоннай манеры ставіў іх на месца: маўляў, не час. Трэба адзначыць, што Лукашэнка вельмі насцярожана ставіцца да пытання развіцця партыйнай сістэмы. Для наменклатуры гэта нейкія дадатковыя магчымасці, рэсурсы, кар’ера — іх інтарэс зразумелы. Але Лукашэнка — гэта чалавек, які цалкам засяроджаны на пытанні ўлады, якому патрэбная абсалютная ўлада. І яму вельмі не хочацца нават чыста сімвалічна гэтай ўладай дзяліцца. Ягонае мысленне — мысленне феадальнага ўладара”.
Калі гэта не трэба Лукашэнку, дык навошта гэта ўсё? Адказ просты: трэба новымі структурамі замяніць зачышчанае пасля 2020-га года поле. Але на нейкую частку ўлады новым партыйцам разлічваць не трэба:
“Белая Русь” будзе праўладнай партыяй, якая, безумоўна, будзе ісці ў рэчышчы палітыкі Лукашэнкі. Але ці стане яна партыяй улады? Баюся, што не. Бо партыя ўлады — гэта нейкі стрыжань палітычнай сістэмы і правадыр павінен быць яе лідарам. Думаю, што Лукашэнка на гэта не пойдзе. Усё роўна шмат волі нават праўладным партыям не дасць. Ужо вымалёўваецца нейкая новая сістэма, зробяць імітацыю: левае крыло — праўладныя камуністы, цэнтрысты — “Белая Русь”, правае крыло — партыя Алега Гайдукевіча. Але ўсім ім дадуць толькі пагуляцца ў пясочніцы”.
То-бок чакаць беларускай “Адзінай Расіі” не варта?
“Лукашэнка, думаю, арыентуецца на досвед Расіі і бачыць, што там гэта спроба стварыць гэтую кішэнную шматпартыйнасць не вельмі пераканаўча выглядае. Дэ-факта гэтая “Адзіная Расія” не карыстаецца папулярнасцю, нават ва ўмовах недэмакратычнай сістэмы былі цяжкасці з прасоўваннем кандыдатаў. Гэта партыя бюракратаў, і людзі з Расіі гэта з большага разумеюць. Рэйтынг у яе не вялікі. Лукашэнка матае гэта на вус і думае: “Навошта мне гэтае пятае кола ў возе?” — кажа Класкоўскі.
А вось на думку гісторыка і палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, Лукашэнка, магчыма, збіраецца выбудоўваць сваю аднапартыйную палітычную сістэму, але не па расійскім сцэнары, а па кітайскім: “Відавочна, што ён кітайскі вопыт вывучае і Кітаем захапляецца. Прычым яго захапленне Кітаем значна больш аўтэнтычнае, чым захапленне Расіяй. Захапленне Расіяй — яно хутчэй вымушанае, а вось кітайская сістэма яму падабаецца. Таму і такія выказванні: “Кітай — братэрская краіна”, “Будучыня належыць Азіі”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.