Актывістка Femen выйшла на вуліцу ў вобразе “анёла смерці” (фота)
Паўаголеная дзяўчына з сярпом у руцэ дэманстравала непазбежнасць пакарання за жорсткі разгон Еўрамайдану.
Чарговая акцыя эпатажнага жаночага руху прайшла 30 лістапада ля Кіева-Пячорскай лаўры ў Кіеве. У дзяўчыны быў размаляваны не толькі бюст, але і твар. Яна сімвалізавала сабой “анёла смерці”. На целе ў яе быў надпіс: “Дыктатура павінна памерці”.
У паведамленні на сваім сайце Femen ускладае адказнасць на прэзідэнта Віктара Януковіча за “збіццё 30 лістапада дзяцей і мірных грамадзян на Майдане рукамі “Беркута”.
У ноч на 30 лістапада спецназ жорстка разагнаў акцыю прыхільнікаў інтэграцыі з ЕС на Майдане Незалежнасці ў Кіеве. Паводле афіцыйнай версіі, мітынгоўцаў “выцеснілі”, бо яны заміналі ўсталяванню навагодняй ялінкі.