Гледачы Венецыянскага кінафэсту пабачаць прыгоды Femen у Беларусі (відэа)
Дакументальны фільм аўстралійскай рэжысёркі Кіці Грын "Украіна не бардэль" журы 70-га Венецыянскага кінафэсту абрала для пазаконкурснага паказу.
Кінастужка паказвае гісторыю руху Femen ва Украіне да моманту трансфармацыі яго ў міжнародны.
У каментары Еўрарадыё лідарка руху Ганна Гуцол паведаміла, што ўвайшоў у фільм і сюжэт пра мінскую акцыю 19 снежня 2011 года. Нагадаем, што тады актывісткі арганізацыі зладзілі акцыю проста на прыступках КДБ.
Гуцол: "Кіці Грын разам з намі была ў Мінску, разам з намі была выкрадзеная КДБ. У сэнсе, дзяўчаты былі выкрадзеныя асобна, а Кіці правяла ўвесь дзень у КДБ, у яе забралі карты з акцыі. Ёй пагражалі, а потым дэпартавалі ў Літву. Яна была ўдзельніцай падзеяў. Ёй удалося аднавіць матэрыял з картаў — акцыю пад КДБ у Мінску. І абавязкова гэтыя кадры будуць уключаныя ў фільм".
Нагадаем, што ў інтэрнэце адзіны відэаролік з акцыі Femen каля КДБ абнародавала Еўрарадыё.
70-ы Венецыянскі кінафэст пройдзе з 28 жніўня па 7 верасня. Яго журы ўзначальвае легендарны рэжысёр Бернарда Берталучы.
Фота — femen.org