Аўтуховіч: Чаму адмовіўся пісаць памілаванне? Не задавайце такіх пытанняў

У Гродне Мікалая Аўтуховіча сустракалі каля трох дзясяткаў чалавек. Родныя і журналісты дзяжурылі ля брамы турмы ўсю ноч, яна адкрылася толькі а 8-й гадзіне. Ужо былы палітвязень прасіў не задаваць глыбокіх пытанняў, паабяцаў аб усім расказаць бліжэйшым часам. Сёння ён збіраецца сустрэцца з жонкай і маці. А таксама наведаць шпіталь і здаць аналізы — Аўтуховіч амаль не адчувае рукі.


З фокусамі вызвалялі. Не маглі нават па-чалавечы. Час не гаварылі мне. Сумкі паднеслі да брамы, чакалі, пакуль машына будзе выязджаць, каб за ёй адразу вынесці. Я ім кажу: “Хлопцы, навошта?”. Але нават вызваліць нармальна не маглі.



Рукі не адчуваю, адымаецца трохі. Не ведаю, што з ёй. Будзем разбірацца.



Прашэнне аб памілаванні мне двойчы прапаноўвалі пісаць. Чаму я адмовіўся? Вы што, жартуеце? Не задавайце мне такіх пытанняў. Я дамовы з тымі, хто мяне пасадзіў, не падпісваю. Ім адразу сказаў: працаваць на вас я не буду, і на працы мяне не стаўце. Ніякіх папераў, ніякіх дакументаў. Глупства ж пісаць прашэнне. Напішаш, а з цябе потым яшчэ за гэта і здзекуюцца. Маўляў, напісаў — слабак.



Я "ўскрываўся" ў турме, сапраўды. Доўга расказваць, чаму. Тады трэба было абараніць свой гонар такім чынам. Адкрыта на мяне ніхто не ціснуў, выбіралі іншыя спосабы. Па ўсіх фактах ідуць суды, адміністрацыя там праходзіць сведкамі. Вось нядаўна адзін суд адбыўся. Я задаваў ім пытанні, а яны не ведаюць, як сябе паводзіць, што адказваць. Нават дамовіцца паміж сабой не паспелі. А пасля ўскрыцця жывата мне ШЫЗА далі, трое сутак. Апошнія месяцы перад вызваленнем не чапалі мяне.



Маці шкадую, сям’ю. А пра планы на будучыню цяпер гаварыць не буду, не скажу.



Мову беларускую ў турме вывучыў. Магу ўжо размаўляць. Але крыху блытаюся пакуль, не хачу псаваць тут перад вамі. Крыху папрактыкуюся — і будзе ўсё добра.



Сукамернікі ўсе былі няпростыя. У кожнага была свая канкрэтная задача. Вось першы сукамернік быў міліцыянерам, былым участковым. Натуральна, што ён працаваў, дакладваў на мяне. Потым падсадзілі іншага — запальчывага хлопца. Разлічвалі, што будуць канфлікты. Яны былі, але мы неяк хутка знайшлі агульную мову. Два-тры разы толькі пасварыліся. Было такое, што нарад прыбягаў, каб супакоіць. Трэці сукамернік быў правакатарам — тры месяцы запар краў мае рэчы. Я адмовіўся з ім сядзець — мяне пасадзілі ў ШЫЗА.



Турэмшчыкі розныя былі. Нармальныя таксама. Я прасіўся ў адзіночку, але мне адразу сказалі — не будзе такога. Нават дазволілі нейкую апаратуру мець у камеры, каб я толькі скаргі не пісаў у пракуратуру на іх. Баяліся, што я буду ў адзіночцы, чамусьці.



У маім прысудзе былі не толькі пяць патронаў, але і гранатамёт. Які нібы тут знайшлі ў Гродне, калі я ўжо сядзеў. За патроны, якія набыў законна, — толькі адміністрацыйны прысуд. Але так хітра напісалі ўсё, што атрымаў за іх пяць гадоў.



2292 лісты атрымаў. Учора — апошнія два. Шмат з кім пазнаёміўся за гэты час дзякуючы ліставанню. Вялікі дзякуй ім за падтрымку. Яна вельмі важная. Было б нашмат цяжэй, калі б ніхто не пісаў.



Як трэба падтрымліваць палітвязняў? Я не хачу аб гэтым зараз гаварыць. Палітвязні чакаюць не тых дзеянняў, якія ёсць… Вы пытайце тых людзей, якія прадстаўляюць апазіцыю. Усе ведаюць, што трэба рабіць.



Ад мяне не адчэпяцца. Я сёння так і сказаў у турме: вызваляюся — і іду на рынак. Куплю там вялікую сумку, рэчы для турмы. Каб калі наступны раз арыштуюць, ужо ўсё было сабрана. Ніхто ад турмы не застрахаваны. Тым больш што я ведаю, чаго ад мяне хочуць.



Два чалавекі ёсць, якія мне пісалі ўвесь гэты час, з 2006 года. Вольга Філонава з Баранавічаў і вось Наста Кухарэнка з Гродна. Я яе прасіў не прыносіць кветак да турмы. Яна мне ляльку пашыла невялічкую. Яшчэ мне сёння аддалі ў турме вельмі важную рэч — пярсцёнак. З моманту майго затрымання не бачыў яго. Сёння аказалася, што ён мне стаў завялікі. Ён танны, без брыльянтаў. Але вельмі важны для мяне. Не буду расказваць, чаму.



Ці буду я зараз весці спакойны лад жыцця? Думаю, што з маім характарам гэта немагчыма. Я нейкі час пастараюся. Не буду правакаваць іх, каб сваё здароў’е падправіць. Мяне б’юць з 2003 года. 11 гадоў жыцця майго і маёй сям’і. Гэта сістэма ўлады такая. Яны не хочуць самі сядзець у турме. Таму б’юць тых, хто іх выкрывае. А мяне вымусілі выкрываць. Мне прыйшлося збіраць кампрамат, бо мяне хацелі вымусіць плаціць ні за што.



Я працягну ствараць арганізацыю ветэранаў баявых дзеянняў. Гэта абавязкова. Мне трэба паслухаць людзей, пагаварыць. Але я працягну гэтым займацца.


Як застацца чалавекам у турме? Трэба паступаць так, каб сорамна не было. Каб вашыя ўчынкі былі бачныя ўсім. Падумай, што людзі скажуць аб тваіх учынках. Тады будзе прасцей. Ёсць шмат людзей, якія трымаюць сваё слова.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі