Бандарэнка: Я закладнік, таму не змагу адказаць на ўсе вашы пытанні

“Дзе мая жонка?”, -- гэта было першае, што сказаў Зміцер Бандарэнка журналістам, калі выйшаў з магілёўскай маршруткі на Усходнім аўтавакзале Мінска. Наступнай фразай было: “Дзе мой бацька?”. Размова з двума дзесяткамі журналістаў адбывалася проста сярод аўтобусаў. Яна ўвесь час перарывалася – Бандарэнка адказваў на тэлефанаванне дачкі, абдымаўся з роднымі і сябрамі.

Пра нечаканае вызваленне.

Учора акурат слухаў “Радыё Свабода”. Там сказалі, што вызвалілі Андрэя Саннікава. А сёння зраніцы такая неспадзяванка. Пачуваўся спакойна пакуль ехаў. А тут вы ўсе, то і не спакойна стала (усміхаецца). Не адаптаваўся яшчэ Не думаў, што выйду сёння. Рады, што тут яшчэ скажаш? Хрыстос уваскрос, праваслаўныя! Усё ў руках Госпада. Такі дзень – гэта харошы знак для Беларусі. Я лічу, што ўсе павінны быць вызваленыя.

Я так разумею, што павінны былі яшчэ ўчора вызваліць. Але ў калонію позна прыйшла інфармацыя. Вельмі нечакана было. Я думаў, што на наступным тыдні,к алі паслы вернуцца. Абсалютна нечакана. Недзе хвілін 15 на ўсё пайшло. Ехаў абсалютна адзін сюды. Ніхто не кантраляваў мяне.

Пра турму.

Я ў розных месцах быў. У папраўчай калоніі нумар 15 да мяне ставіліся нармальна. Бо значную частку тэрміна я правёў у медычным аддзяленні. У палаце нумар 9. І вось сёння мне расказалі, што ў гэтай самай палаце доўгі час знаходзіўся вязень Зельцэр.

Здароўе маё няважнае. Не магу сказаць пра прэсінг у калоніі. Ёсць правілы гульні для ўсіх зэкаў. Да мяне нават было больш лагоднае стаўленне, чым да іншых. І думаю, што кіраўніцтва калоніі ўздыхнула з палёгкай, калі я выйшаў за іх браму.

Пра далейшую дзейнасць.

Я планую заставацца ў палітыцы. Грамадзянскую дзейнасць буду працягваць. Хацелася б, каб краіна была вольнай, каб краіна была еўрапейскай. Пакуль мы гэтага не назіраем. Напэўна, трэба нешта рабіць усім разам.

Пра вярбоўку КДБ.

Я мог бы выйсці адразу. Калі сядзеў у СІЗА КДБ была прапанова, спрабавалі вербаваць. Гаварылі – давайце сайт “Хартыі” будзе працаваць пад невялікім кантролем. А мы вас вызвалім. Я адмовіўся. Таму, мабыць, трохі затрымаўся.

Пасля таго, як напісаў прашэнне ціску ніякага не было. Мне актыўна прапаноўвалі гэта зрабіць у верасні, але я адмовіўся. Я хачу сказаць, што я чалавек Андрэя Саннікава. Ён мой сябра. Я, мабыць, не прайшоў і сотай часткі з таго, што прайшоў ён. Калі б я даведаўся, што Андрэй падпісаў прашэнне аб памілаванні ў лістападзе, я б падпісаў яго ў лістападзе. Каб я даведаўся, што прашэнне аб памілаванні трэба падпісаць за тыдзень да выхаду, я б гэта зрабіў. Паўтаруся, я не прайшоў праз тое, праз што прайшоў Саннікаў.

Пра бліжэйшыя планы.

Я не ведаю, што буду рабіць цяпер. Не чакаў, што столькі чалавек мяне сустрэне. Святочны дзень, думаў, толькі пару чалавек. Я рады пабачыць жонку і бацьку, пачуць дачку, абняць Андрэя (Саннікава), Іру Халіп. Пабачыць знаёмыя твары – гэта самае галоўнае.

Пра адчуванне сябе закладнікам.

Я рыхтаваўся, што буду сядзець да канца. Пабачыў у “СБ”, што маё прашэнне напісана неяк няправільна. Скажу больш -- і зараз не адчуваю сябе вольным. Я закладнік, і родныя мае закладнікі. Іншыя закладнікі знаходзяцца за кратамі. Таму магчыма, не на ўсе пытанні ў бліжэйшыя гадзіны і дні я змагу адказаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі