Родныя Бандарэнкі не забіраюць цела — Генпракуратура

Раман Бандарэнка / сацсеткі
Раман Бандарэнка / сацсеткі

Пракуратура Беларусі пракаментавала сітуацыю з целам Рамана Бандарэнкі. Раней, 16 лістапада, стрыечная сястра загінулага хлопца Вольга Кучарэнка казала парталу TUT.BY, што цела пакуль не аддаюць.

"Мама Рамана сёння двойчы прыязджала ў Генеральную пракуратуру. У 9 раніцы дзяжурны сказаў прыязджаць у 11.00, потым сказалі чакаць адказу і звяртацца пазней", — казала тады Кучарэнка.

Між тым у пракуратуры настойваюць, што раніцай 16 лістапада маці загінулага паведамілі "аб накіраванні і наяўнасці ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз дазволу на выдачу цела сына". Больш за тое, сцвярджаецца, што прадстаўнікі Генпракуратуры і Дзяржкамітэта неаднаразова прапаноўвалі забраць цела сына і дапамагчы ў арганізацыі пахавання.

Але "да гэтага часу сваякі памерлага ўхіляюцца забраць цела Рамана Бандарэнкі", гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

У пацверджанне сваёй версіі прэс-служба ведамства выклала гук тэлефоннай размовы меркавана маці Рамана Бандарэнкі з прадстаўніком Камітэта судовых экспертыз. "У нас усё гатова", — кажа мужчынскі голас. Жаночы спасылаецца на стомленасць і абяцае ператэлефанаваць.

"Я бачыла гэтую заяву, але пакуль не гатовая адказаць на пытанне. Мне апошнім часам з экспертызы тэлефануюць вялікую колькасць разоў, я не ведаю, пра які канкрэтна званок ідзе гаворка", — сказала Еўрарадыё маці Рамана Бандарэнкі. 

Паводле яе слоў, цяпер цела загінулага хлопца знаходзіцца ў моргу на Даўгінаўскім тракце, 160а.

Раман Бандарэнка выйшаў увечары 11 лістапада ў двор на "Плошчы перамен", каб перашкодзіць прыезджым зрэзаць бел-чырвона-белыя стужкі. Пасля слоўнай сваркі на яго напаў адзін з прыезджых мужчын, Бандарэнку забралі ў мікрааўтобус. У бальніцу ў несвядомым стане яго даставілі з міліцыі. На наступны дзень ён памёр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі