Праваабаронца Бандарэнка абвяргае словы блогера Лапшына пра "Валадарку"

Праваабаронца Бандарэнка абвяргае словы блогера Лапшына пра "Валадарку"

Беларускі праваабаронца Андрэй Бандарэнка з "Платформы" абверг расповед расійскага блогера Аляксандра Лапшына пра ўмовы ўтрымання ў вядомай мінскай турме "Валадарцы". 

"Гэта, напэўна, першы выпадак, калі "Платформа" заступаецца за айчынную пэнітэнцыярную сістэму, абвяргаючы адкрыты паклёп вядомага блогера. Мне складана сказаць, з якой прычыны Аляксандру Лапшыну спатрэбілася гэтая хлусня, але калі ўжо я не вытрымаў, то можаце ўявіць чаго ён там панапісваў. Тое, што побытавыя ўмовы СІЗА-1 застаюцца нездавальняючыя, — ужо даўно не сакрэт. І гэта па сутнасці адзінае, што аўтар адлюстраваў больш-менш рэалістычна, калі адкінуць усё "фашыстоўскія" праявы (чаго я ні разу не чуў у СІЗА-1). У астатнім — поўная бязглуздзіца", — напісаў Бандарэнка ў Фэйсбуку. 

Лапшын, як распавядала Еўрарадыё, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад турмы. Па яго словах, ахова звярталася да яго са словамі "Шнэль, русіш швайнэ". Некаторыя з вязняў сядзяць па два гады, не бачачы следчых. У камеру, нібыта, нельга замовіць тэлевізар, а кнігі нельга перадаць з волі. Таксама, па словах Лапшына, у турме квітнее карупцыя. 

У сваім допісе Бандарэнка, які сам адбыў два турэмныя тэрміны, кажа, што следчыя ў камерах з'яўляюцца рэгулярна, а тэлевізар у камеру ставіць адміністрацыя паводле першага патрабавання. Зрэшты, яго можна замовіць з волі, а потым забраць з сабой. Гэтаксама можна з волі атрымліваць у перадачах кнігі. 

"Перавод у камеру за 1500 умоўных адзінк — выклікае ўсмешку і сумневы ў адэкватнасці аўтара. Як і сума "легчы" ў бальніцу, у якую проста трапляеш пры наяўнасці захворвання", — заяўляе праваабаронца ў адказ на заявы пра карупцыю ў турме. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі