Беларусь не будзе зацягваць перамовы з ЕС наконт візавага рэжыму
З такой заявай выступіла намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына журналістам 13 снежня.
Па яе словах, якія перадае БелаПАН, тэрміны пачатку перамоваў Беларусі і ЕС наконт спрашчэння візавага рэжыму і рэадмісіі пакуль не вызначаныя. Разам з тым чыноўніца адзначыла, што цяпер узгадняецца перамоўная пазіцыя беларускага боку ў адпаведных міністэрствах і ведамствах. Беларусь пакуль не ўзгадняла з Еўрасаюзам часавы графік. Але, кажа Купчына, наўрад ці гэты працэс будзе зацягнуты.
Пра намер пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС 29 лістапада на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Па яго словах, Беларусь гатовая пачаць перамовы, бо гэта ўстаноўка прэзідэнта нашай краіны. Ад такіх зменаў выйграюць найперш звычайныя беларусы.
Фота — urlain.by