Беларусь у Глабальным рэйтынгу міру займае 106 месца з 163
Беларусь палепшыла свой стан у Глабальным рэйтынгу міру і заняла 106 месца з 163, падняўшыся на 14 пазіцыяў у параўнанні з мінулым годам. Штогадовы рэйтынг быў апублікаваны арганізацыяй Vision of humanity 8 чэрвеня.
У нас палепшыліся вынікі ў катэгорыях “Мілітарызацыя” і “Грамадства і бяспека”. Найгоршая сітуацыя, паводле аналітыкаў, у Беларусі захоўваецца ў катэгорыях “гвалт падчас дэманстрацыяў” і гвалт “з боку паліцыі і афіцэраў бяспекі”.
Аўтары даследвання ацэньваюць 163 краіны па 23 індыкатарах, сярод якіх — палітычная стабільнасць, захаванне правоў чалавека, узровень злачыннасці, становішча зняволеных, доступ грамадзян да зброі, адносіны з суседнімі дзяржавамі і іншыя.
“Найменш мірнымі” дзяржавамі ў рэйтынгу прызналі Сірыю, Ірак, Паўднёвы Судан, Афганістан, Самалі і Емен.
Аналітыкі робяць выснову, што пасля Другой сусветнай “апошняе дзесяцігоддзе дэманструе гістарычнае пагаршэнне сітуацыі ва ўсім свеце”:
“За апошнія 10 гадоў адбылося гістарычнае пагаршэнне сітуацыі. Гэта абумоўлена ў значнай ступені ўзмацненнем канфліктаў на Бліжнім усходзе. На найвышэйшым узроўні знаходзіцца тэрарыстычная небяспека. Такой колькасці ўцекачоў і мігрантаў, якія перамяшчаюцца паміж краінамі, не было ўжо 60 гадоў. А колькасць ахвяраў у канфліктах стала самай вялікай за 25 год. І хоць шматлікія краіны дасягнулі рэкордна высокіх узроўняў міралюбівасці, але ў 20 краінах, якія займаюць апошнія пазіцыі ў рэйтынгу, сітуацыя ўсё мацней пагаршаецца”, — паведамляюць аналітыкі.
“Самымі мірнымі” краінамі ў рэйтынгу прызнаныя Ісландыя, Данія, Аўстрыя, Новая Зеландыя, Партугалія, Чэхія, Швейцарыя.
Сярод нашых суседзяў найбольш высокую пазіцыю ў рэйтынгу займае Польшча — 22 месца, Латвія — 32-ое, Літва — 37-ае.
Расія паднялася на адну пазіцыю і заняла 151 месца са 163. Украіна апусцілася на 156 месца, страціўшы шэсць пазіцыяў. Наша паўднёвая суседка апынулася ў пяцёрцы краінаў, якія дэманструюць найгоршую дынаміку, разам з Еменам, Лівіяй, Турцыяй і Бахрэйнам.
Сярод іншых, Казахстан займае 75 месца, Грузія — 85-ае, Малдова — 65-ае, Эстонія — 36-ае.