Беларусь верне "Газпраму" $726 млн запазычанасці за газ

Беларусь верне "Газпраму" $726 млн запазычанасці за газ

Беларусь даплоціць "Газпраму" $720 млн за пастаўкі расійскага газу ў 2016-м і ў першым квартале 2017 года. Наўзамен Расія паставіць на беларускія НПЗ 24 млн тон нафты замест 16 млн тон, пра якія заяўляла раней. Пра гэта са спасылкай на расійскага віцэ-прэм'ера Аркадзя Дварковіча піша інфармагенцтва ТАСС.

Усяго чатыры дні таму беларускі ўрад увогуле не прызнаваў пазыку перад "Газпрамам". Але ўсё змянілася 3 красавіка, калі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэліся ў Санкт-Пецярбургу і 3,5 гадзіны гутарылі ў фармаце "тэт-а-тэт". У выніку Пуцін паабяцаў у дзесяцідзённы тэрмін урэгуляваць нафтагазавую спрэчку, а Аляксандр Лукашэнка сказаў, што Расія гатовая рэфінансаваць запазычанасць за газ.

Ёсць намёк на гэта і ў заяве Аркадзя Дварковіча. "Будуць скарэктаваныя некаторыя міжурадавыя дакументы, якія датычацца ўзаемаадносінаў у сферы газу і нафты. Пасля іх парафіравання беларускі бок верне суму, недаплачаную "Газпраму" (гэта значыць "Беларусьтрансгазу", "дачцэ" "Газпрама"), і мы адновім пастаўкі нафты ў аб'ёме 24 млн тон", — сказаў расійскі віцэ-прэм'ер.

Дварковіч дадаў, што ў 2018 і ў 2019 гадах "Газпрам" дасць Беларусі зніжку на газ. Для гэтага ў формулу, па якой разлічваецца цана блакітнага паліва, будзе ўведзены паніжальны каэфіцыент. Па якім кошце Беларусь будзе набываць газ у 2020 годзе і далей, будзе залежыць ад далейшых перамоваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі