Беларус, які атакаваў каралеўскі палац у Осла, мае інваліднасць
На ганку каралеўскага палаца ў Осла
Нарвежская паліцыя дапытала беларуса, які 8 ліпеня кінуў кактэйлі Молатава ў каралеўскі палац у Осла, перадае тэлеканал Tv2.no.
Яму 57 гадоў, ён мае інваліднасць і быў дэпартаваны з Еўрасаюза. Сваім учынкам ён хацеў прыцягнуць увагу СМІ да сваёй праблемы.
Адвакатка беларуса Марыяна Лозіч сцвярджае, што ён не збіраўся прычыніць каму-небудзь шкоду, а яго ўчынак быў "адчайным крыкам аб дапамозе". Паводле яе, мужчына перад кіданнем кактэйляў Молатава загадзя праверыў, што каля будынка няма людзей, каб ніхто не пацярпеў.
Паведамляецца, што мужчыну раней выслалі з Еўрасаюза, а таксама Нарвегіі, Ісландыі, Швейцарыі і Ліхтэнштэйна. У траўні 2024-га яму забаранілі ўезд у Нідэрланды на дзесяць гадоў. У гэтай краіне ён абвешчаны ў вышук па абвінавачванні ў прычыненні шкоды ў асабліва буйным памеры.
Марыяна Лозіч кажа, што яе падабаронны прыехаў у Нарвегію, бо хацеў трапіць у краіну з дэмакратычнымі каштоўнасцямі. Але, кажа яна, ён там не атрымаў неабходнай дапамогі, таму ў адчаі вырашыў скарыстацца кактэйлямі Молатава.
Пры гэтым мужчына не ведаў, які менавіта будынак ён атакуе, і здзівіўся, даведаўшыся, што гэта каралеўскі палац. Паводле адвакаткі, беларус меркаваў, што кідае кактэйлі Молатава ў Стортынг — парламент Нарвегіі: "Напэўна, ён думаў, што гэта Стортынг, дзе сядзяць тыя, хто прымае рашэнні ў краіне, і вырашыў, што яны павінны адкрыць вочы на парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да людзей з інваліднасцю".
Паведамляецца, што беларус спярша спрабаваў трапіць у амбасаду Канады ў Осла. Ноч на панядзелак ён правёў перад гэтай амбасадай, а зранку паспрабаваў прасіць там прытулак, бо не хацеў мець нічога агульнага з Еўропай. Пасля адмовы ў канадскай амбасадзе мужчына вырашыў звярнуцца да радыкальных сродкаў.
Цяпер нашаму суайчынніку выставілі абвінавачанне ў нанясенні сур'ёзнай шкоды і захоўванні запальных бомбаў. Яго ўзялі пад варту на чатыры тыдні. Мужчына прызнае сваю віну, гатовы супрацоўнічаць з праваахоўнікамі і панесці пакаранне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.