Беларуса з ПВК "Вагнер", асуджанага ва Украіне, уключылі ў абмен ваеннапалоннымі
Андрэй Герыловіч / t.me/Belarus_Files
Беларуса Андрэя Герыловіча ва Украіне вызвалілі ад пакарання і ўключылі ў спіс абмену ваеннапалоннымі. Наш суайчыннік ваяваў ва Украіне ў складзе ПВК "Вагнер", трапіў у палон і быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі.
2 траўня Чырвонагвардзейскі раённы суд Днепрапятроўска задаволіў хадайніцтва пракурора пра вызваленне беларуса ад адбывання пакарання. У пастанове суда не называюцца імя і прозвішча асуджанага, але на сайце "Судовая ўлада" ёсць пацвярджэнне, што гаворка ідзе менавіта пра Андрэя Герыловіча.
Як распавядала Еўрарадыё, у лістападзе 2022-га ўраджэнец Рэчыцы Герыловіч трапіў ва ўкраінскі палон. Паведамлялася, што ён дзейнічаў пад пазыўным "Заспа" (так называецца яго родная вёска) і карэктаваў агонь расійскай артылерыі.
Як заяўляла СБУ, падчас следства Герыловіч даў сведчанні пра ваенныя злачынствы расійскіх войскаў і ваенізаваных груповак, перадаў устаноўчыя звесткі асобаў, датычных да іх, а таксама расказаў пра катаванні, пазбаўленне грашовага забеспячэння і забойствы за невыкананне злачынных загадаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.