Беларуская апазіцыя прымае ўдзел у мерапрыемствах Еўранэста
Мерапрыемствы Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест) адбываюцца гэтымі днямі ў Брусэлі.
31 сакавіка адбудзецца пасяджэнне Бюро Еўранеста, а 1 красавіка — сустрэча працоўнай групы па Беларусі, паведамляе БелаПАН.
Удзел у пасяджэнні рабочай групы па Беларусі прымуць прадстаўнікі Партыі БНФ, руху "За Свабоду", Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кампаніі "Гавары праўду", аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", Беларускай партыі левых "Справядлівы свет".
Падчас цяперашняй сесіі Еўранэста пройдуць спецыяльныя слуханні па беларускім пытанні з удзелам экспертаў і дэпутатаў Еўрапарламента. На іх будзе абмяркоўвацца палітычная і эканамічная сітуацыя ў Беларусі, яе знешнеэканамічныя сувязі з іншымі краінамі.
Пасля слуханняў пройдзе пасяджэнне рабочай групы па Беларусі. На ім будзе абмяркоўвацца "шырокае кола пытанняў беларуска-еўрапейскага ўзаемадзеяння ў рамках Усходняга партнёрства, а таксама пытанні развіцця палітычных працэсаў у Беларусі".
Еўранэст з'яўляецца парламенцкім вымярэннем праграмы "Усходняе партнёрства". Афіцыйная беларуская дэлегацыя ўдзелу ў працы Еўранэста не прымае.