Беларускія гітарысты ўдзельнічалі ва ўсталяванні рэкорду для кнігі Гінэса
1 траўня ў мінскім клубе "Каёт" сабраліся беларускія гітарысты, каб паўдзельнічаць у міжнароднай музычнай акцыі Thanks Jimi Festival. Гэтая акцыя ладзіцца з 2003 года з ініцыятывы польскага гітарыста Лешка Ціхоньскага.
Музыкі сінхронна выканалі славутую тэму Джымі Хендрыкса "Hey Joe".
У 2009 годзе акцыя трапіла ў кнігу рэкордаў Гінэса: гэтую песню адначасова выканалі 7344 гітарысты. Сёлета быў пастаўлены новы рэкорд з уlзелам беларускіх музыкаў — 7356 чалавек у розных краінах Еўропы. Як перадае Радыё "Свабода", з беларускага боку ў акцыі прынялі ўдзел такія вядомыя гітарысты, як Уладзімір Ткачэнка, Леанід Вярэніч, Аляксандр Кіс, Сяржук Трухановіч, Андрэй Казлоўскі. Іх падтрымалі яшчэ 29 музыкаў.
Кожны з 34 гітарыстаў, якія зарэгістраваліся на свяце Thanks Jimi Festival, атрымаў памятны сертыфікат пра ўдзел ва ўсталяванні новага рэкорду для кнігі Гінэса.
Арганізатары сёлетняй мінскай акцыі плануюць на наступны год зладзіць канцэрт на адной з гарадскіх плошчаў, каб узняць рэкордную планку.