Канцэрт супраць смяротнага пакарання (відэа)
8 кастрычніка беларускія музыкі граюць вялікі канцэрт супраць смяротнага пакарання. У межах акцыі “Рок за жыццё” ў мінскім клубе Re:Public гурты "Дай дарогу!", Re1ikt, "Мутнаевока", :B:N:, Sciana і "Тлушч" выказваюцца за ўвядзенне мараторыя на вышэйшую меру пакарання ў Беларусі. Пачатак канцэрта і старт відэатрансляцыі — у 17.30.
Фестываль "Рок за жыццё", прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб'яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.
Беларусь дагэтуль застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.
5 кастрычніка распачаўся традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання, мерапрыемствы якога будуць праходзіць пад слоганам “Смяротнае пакаранне — незваротнае”.