Беларускую кінапрэмію "Чырвоны верас" уручаць у Берліне 17 лютага
Журы кінапрэміі ацаніла 70 беларускіх фільмаў (ілюстрацыйнае фота)
Беларускую кінапрэмію "Чырвоны верас" уручаць у Берліне 17 лютага. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца на Еўрапейскім кінарынку Berlinale (а 19-й гадзіне ў Gropius Bau Cinema, што месціцца ў галоўным будынку кінарынку Martin Gropius Bau).
У журы кінапрэміі "Чырвоны верас" увайшлі 16 кінакрытыкаў, кінажурналістаў і кінадаследчыкаў. Яны ацанілі 70 беларускіх фільмаў 2021 і 2022 гадоў — ігравых, дакументальных і анімацыйных карцін. Некаторыя стужкі ўдзельнічаюць у кінапрэміі ананімна.
Узнагароды будуць уручаныя ў 13 катэгорыях. Прадугледжаная і ўзнагарода "Спецыяльная згадка". У сярэдзіне студзеня быў абвешчаны шорт-ліст намінантаў.
"Гэта гонар, што ў час гуманітарнага крызісу ў краіне беларускае кіно не губляецца, а, наадварот, знаходзіць сваімі пляцоўкамі прэстыжныя міжнародныя фестывалі, якім яго патэнцыял і належыць, — кажуць сузаснавальнікі кінапрэміі "Чырвоны верас" Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі. — Мы спадзяемся, што цырымонія ўзнагароджання стане дадатковым натхненнем і матывацыяй для беларускіх кінааўтараў, каб працягваць сваю важную справу".
Нямецкі кінафестываль пройдзе ў Берліне 15-25 лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.