Без намёкаў. “Перагрупоўка” войскаў і тысячы ахвяраў пасля яе

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Калі вораг наблізіўся, яны зрабілі “перагрупоўку” войскаў — ды ўзарвалі аб’ект энергетычнай інфраструктуры. У выніку гэта прывяло да тысячаў ахвяраў — як мірнага насельніцтва, так і сваіх жа жаўнераў.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як чэкісты ўзарвалі ДнепраГЭС. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.

У пачатку 1920-х савецкая ўлада вырашыла пабудаваць у Запарожжы гідраэлектрастанцыю ў межах маштабнага плана па электрыфікацыі СССР. Будавалі станцыю па амерыканскіх тэхналогіях, у Запарожжа для кансультацый прыязджалі спецыялісты з ЗША.

Бальшавікі расплачваліся з імі каштоўнасцямі і прадметамі мастацтва. Але самым хадавым таварам было збожжа, якое адбіралі ў сялян нават у часе голаду ў 1920-х і Галадамору ва Украіне ў пачатку 1930-х.

Без намёкаў. “Перагрупоўка” войскаў і тысячы ахвяраў пасля яе

ДнепраГЭС абвясцілі ўсесаюзнай будоўляй, на якой, апроч звычайных будаўнікоў, выкарыстоўвалі бясплатную працу зняволеных. Да 1939-га яна стала найбуйнейшай электрастанцыяй у Еўропе і трэцяй па магутнасці ў свеце.

Праз два гады пасля пачатку Другой сусветнай вайны Германія напала на свайго ўчорашняга хаўрусніка і сябра — СССР. Савецкія войскі адыходзілі з вялікімі стратамі. А немцы прарываліся да Кіева і буйных індустрыяльных цэнтраў — Запарожжа, Мікалаева, Херсона, Адэсы, Ачакава. Да сярэдзіны жніўня 1941 года сілы нямецкай групы войскаў “Поўдзень” выйшлі да Дняпра на ўсёй адлегласці ад Херсона да Кіева.

18 жніўня 1941 года камандаванне Чырвонай арміі атрымала інфармацыю аб прарыве ў раёне Запарожжа нямецкіх войскаў. Калі стала зразумела, што ўтрымаць абарону не ўдасца, было прынята рашэнне неадкладна падарваць Дняпроўскую ГЭС.

Рэч у тым, што гэта быў не толькі важны тэхнічны аб'ект, але і мост на іншы бок Дняпра. Спачатку гідраэлектрастанцыю вывелі са строю, а ў 20:15 работнікі НКУС узарвалі на ёй 20 тон выбухоўкі. 
У той жа час кіраўніцтва СССР не цікавіла, якія наступствы будуць для прыбярэжнага насельніцтва і нават для чырвонаармейцаў, якія сабраліся непадалёк.

Пасля выбуху ў плаціне маментальна ўтварылася прабоіна даўжынёй прыкладна 150 метраў. Праз яе лінулі тоны вады, якія ўтварылі вялізную хвалю. Некаторыя відавочцы падзей сцвярджалі, што на Дняпры ў той час адбылося сапраўднае цунамі. Вада Дняпра пацягнула масавыя разбурэнні будынкаў і забрала з сабой усіх людзей, якія ў той час былі ў берагавой зоне.

Без намёкаў. “Перагрупоўка” войскаў і тысячы ахвяраў пасля яе

І хоць падлікі загінулых у выніку разбурэння ГЭС нідзе не задакументаваныя, гісторыкі называюць лічбы ад 20 да 80 і нават дзе-нідзе 120 тысяч чалавек. Сярод іх былі як мясцовае насельніцтва, так і вайскоўцы Чырвонай арміі.

Некаторыя даследчыкі ўсё ж схіляюцца да таго, што такія звесткі значна перабольшаныя. Нямецкія газеты таго часу называлі лічбу прыкладна 3 тысячы загінулых. Тым не менш відавочцы сцвярджалі, што тапельцаў было значна больш.

Ад жахлівай паводкі людзі ратаваліся на лодках. На шчасце, у гэтым рэгіёне лодкі былі ледзь не ў кожнай хаце. Такім спосабам многім мясцовым жыхарам удалося выратавацца.

Праз некаторы час стала вядома, што аперацыю асабіста ўхваліў Іосіф Сталін. У той жа час ніхто не паклапаціўся пра своечасовае папярэджанне мясцовага насельніцтва, вайскоўцаў і ўцекачоў, якія ў той час перапраўляліся на плаціне на іншы бок Дняпра.

Паколькі мала каму было вядома пра запланаваную аперацыю, савецкая контрразведка пасля падрыву гідраэлектрастанцыі неадкладна арыштавала выканаўцаў як варожых дыверсантаў. Аднак у гэтую справу адразу ўмяшалася кіраўніцтва, таму вязняў адпусцілі на волю.

Выбух на Дняпроўскай ГЭС разбурыў машынную залу, што прывяло да спынення энергазабеспячэння. Такім чынам у Запарожжы спынілася дзейнасць усіх прамысловых прадпрыемстваў.

Без намёкаў. “Перагрупоўка” войскаў і тысячы ахвяраў пасля яе

Сваю датычнасць да разбурэння савецкая ўлада старанна хавала шмат гадоў. Пасля яе прадстаўнікі пачалі запэўніваць, што гэта было вымушанае рашэнне, каб прадухіліць завалоданне тэхнічным аб'ектам варожай арміяй.

Аднак некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што войскі вермахта не мелі ў той час на мэце захопліваць Запарожжа. Як пацвярджэнне гэтай версіі: у горад яны ўвайшлі толькі амаль праз два месяцы.

Прызнаць сваю памылку і ўзяць адказнасць за забойства тысяч жыхароў савецкая ўлада не спяшалася. А наадварот — пасля завяршэння вайны запарожскія камуністы паставілі ў цэнтры горада помнік Сталіну, які ўхваліў спецаперацыю па падрыве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі