БНФ — пра агульны спіс кандыдатаў: Правільна ісці ўласна фронтаўскім пасланнем

БНФ — пра агульны спіс кандыдатаў: Правільна ісці ўласна фронтаўскім пасланнем

Апазіцыя не створыць адзіны спіс кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкія выбары 2016 года. Удзельнікі пасяджэння кансультацыйнай нарады дэмакратычных арганізацый, якая прайшла 3 траўня, не змаглі дамовіцца пра яго. Супраць адзінага спісу выступілі прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

“Мы лічым, што ў сённяшніх умовах, калі няма спадзявання на тое, што падлік галасоў будзе сумленным, гаворкі не вядзецца пра здабыццё месцаў у Палаце прадстаўнікоў, а хутчэй пра здабыццё больш шырокай падтрымкі ў грамадстве, — спасылаецца на рашэнне сейму БНФ ісці на выбары з уласным спісам кандыдатаў лідар партыі Аляксей Янукевіч. — А дзеля гэтай мэты, відавочна, больш правільна ісці выразным, ясным, зразумелым, не размытым уласна фронтаўскім пасланнем”.

Аляксей Янукевіч перакананы, што такі падыход карысны і агулам для пашырэння дэмакратычных каштоўнасцяў у грамадстве. На думку лідара БНФ, перад тым, як увогуле пачынаць гутарку пра парламенцкія выбары, варта хаця б прыкладна параўнаць спісы кандыдатаў ад кожнай дэмакратычнай структуры. Маўляў, калі гэта будзе зроблена, шмат якія пытанні мусяць адпасці самі сабой.

У каментары Еўрарадыё Янукевіч назваў і моманты, па якіх Партыя БНФ будзе супрацоўнічаць з прадстаўнікамі іншых дэмакратычных партый і арганізацый.

Янукевіч: "Перадусім назіранне. Бо ёсць кампанія “Права выбару”, у межах якой мы і вядзем супрацоўніцтва па гэтых кірунках. А таксама мы бачым карысць, калі будзе адбывацца кардынацыя на этапе фармавання камісіяў, на этапе збору подпісаў, падчас агітацыйнай кампаніі… Будуць адбывацца нейкія супольныя пікеты, супольны ўдзел у дэбатах зарэгістраваных дэмакратычных кандыдатаў па адной акрузе, супольныя агітацыйныя мерапрыемствы, як, напрыклад, сустрэчы з выбаршчыкамі”.

Здымаць сваіх кандыдатаў з акругаў, па якіх будзе вылучаны кандыдат ад іншай дэмакратычнай структуры, Партыя БНФ не збіраецца. Выстаўляць свайго прадстаўніка Народны Фронт не будзе толькі супраць кіраўнікоў партнёрскіх арганізацый — у першую чаргу АГП, Руху “За свабоду” і аргкамітэта партыі БХД.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі