Будкін: “Фактычна ўсе прадстаўнікі рэжыму жывуць у рускім культурным полі”

Будкін: “Фактычна ўсе прадстаўнікі рэжыму жывуць у рускім культурным полі”

Масавымі звальненнямі ў сферы культуры беларускі рэжым запусціў незваротныя працэсы. Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін кажа, што ўлады не разумеюць і ніколі не разумелі ролю культуры ў грамадстве:

— Для іх гэта было штосьці дзеля забавы: заспяваць з Баскавым на “Славянскім базары” у абдымку. То-бок не разглядалася як нейкая нацыяўтваральная з’ява, з якой прарастае ўсё: каштоўнасці людзей, дабрабыт, іх разуменне сябе ў гэтый краіне і гэтак далей. Мне падаецца, у гэтым і трагедыя, што сфера культуры перашапачаткова была недаацэненая. Ад гэтага пайшлі праблемы і з адукацыяй, і ў прынцыпе з культурным развіццём людзей. 

Па словах Будкіна, фактычна ўсе прадстаўнікі рэжыму жывуць у рускім культурным полі. Яны не могуць жыць у беларускім полі, бо тады б яны бы не змаглі ўчыніць такія рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх жа людзей. У нас адбываецца змаганне на культурным узроўні.

— І калі раней хоць нешта было закладзена ў школьных праграмах і альтэрнатыўных крыніцах, дзе дзеці-падлеткі маглі нешта знаходзіць, то зараз гэта ўсё зачышчана пад нуль. Усе, хто мог у межах урокаў распавядаць пра нейкія іншыя сцэнары, іншыя версіі гісторыі, яны ці пасаджаныя, ці звольненыя. Атрымліваецца, што рэжыму няма на чым расціць беларусаў, бо менавіта культура дае такі падмурак ідэнтыфікацыі. 

Хто вырастае? Хто гэтыя людзі, якія выходзяць зараз са школаў і ўніверсітэтаў? Як яны для сябе разумеюць Беларусь? Беларусь — гэта што? Тое, што пачалося ад утварэння БССР? Думаю, што гэтыя людзі нават не задаюць і такія пытанні, бо для рэжыму любая рэфлексія недапушчальная. 

Таму выходзяць з навучальных установаў паслухмяныя робаты — і гэта вялікая праблема. Будкін кажа, што, калі гэта зацягнецца, ёсць пагроза існаванню нас як нацыі. 

— Усё, што могуць зрабіць тыя людзі, якія з’ехалі ці засталіся падпольна ў плане захавання культуры, гэта надзвычай важна: нават любыя кватэрныя імпрэзы на тры чалавекі. Калі такіх кватэрнікаў будзе праводзіцца тысяча па ўсёй Беларусі, то гэта будзе нашым адказам на абсалютнае знішчэнне і вынішчэнне ўсяго беларускага.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі