Будзе пададзены запыт на перадачу Сафіі Сапега ў Расію — Гашынскі
Сафія Сапега / БЕЛТА
У бліжэйшы час будзе пададзены запыт на перадачу Сафіі Сапега для адбыцця пакарання ў Расію. Пра гэта ТАСС заявіў яе адвакат Антон Гашынскі. "У гэтым выпадку яна зможа звярнуцца да прэзідэнта Расіі з просьбай аб вызваленні яе ад адбыцця часткі пакарання, якая засталася", — кажа ён. Запыт можа падаць Сапега ці яе сваякі, і ўсё зноў будзе залежыць ад уладаў РБ.
10 студзеня стала вядома, што палітзняволенай Сафіі Сапега ў Беларусі адмовілі ў памілаванні.
Сапега — грамадзянка Расіі. Яе затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам, калі ў Беларусі пасадзілі пасажырскі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. 6 траўня 2022-га Гродзенскі абласны суд прысудзіў ёй 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Сафію прызналі вінаватай паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу ("распальванне сацыяльнай варожасці", "незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці..." і г. д.). Яна адміністравала тэлеграм-канал, дзе публікаваліся асабістыя звесткі беларускіх сілавікоў.
Летась Аляксандр Лукашэнка дапускаў, што расіянку могуць перадаць у РФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.