Сафію Сапега асудзілі на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму
Судовая калегія Гродзенскага аблсуда асудзіла Сафію Сапега на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Суд пастанавіў таксама спагнаць з Сафіі каля 175 тысячаў рублёў. Гэта 167 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды "пацярпелым" і 7 488 рублёў судовай пошліны.
Да суда дзяўчына была пад хатнім арыштам, бо заключыла пагадненне са следствам. Пасля абвяшчэння прысуду Сафію ўзялі пад варту.
Сапега — грамадзянка Расіі, але мае від на жыхарства ў Беларусі.
Дзяўчыну вінавацілі па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса ("распальванне сацыяльнай варожасці", "незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці..." і г. д.). Яна адміністравала тэлеграм-канал, дзе публікаваліся асабістыя звесткі беларускіх сілавікоў.
Сафію Сапега разам з Раманам Пратасевічам знялі з борта самалёта Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву і быў пасаджаны ў Беларусі 23 траўня 2021 года.
Дзяўчына пісала прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Праваабаронцы прызналі Сафію палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.