"Будзем ускрываць": улады працягваюць ціснуць на хоспіс у Гродне
Вольга Вялічка / фота Аляксандра Пасечніка
"Будзем ускрываць з РАУС і прымусова высяляць”, — вось такое паведамленне прыйшло ў вайбер дырэктарцы Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вользе Вялічка. Аўтар тэксту — судовы выканаўца Яўген Бандарэц.
Праверкі міліцыяй і санэпідстанцыяй Гродзенскага хоспіса па ананімных зваротах, ціск на супрацоўнікаў і спонсараў пачаліся яшчэ восенню 2020-га. Ужо ў снежні па тэлеканале АНТ паведамяць, што ў дачыненні да кіраўніка ўстановы распачалі крымінальную справу. Яе падазраюць у крадзяжы і незаконным выкарыстанні спонсарскай дапамогі.
Вольга Вялічка перакананая, што цікавасць гарадскіх уладаў выклікае яе грамадзянская пазіцыя.
"Прэтэнзіі пачаліся пасля таго, як я ўзяла актыўны ўдзел у стварэнні Рады народнага даверу, — кажа дырэктарка хоспіса Еўрарадыё. — Да гэтага я была незалежнай назіральніцай на выбарах і збірала подпісы за Віктара Бабарыку.
За няпоўныя восем месяцаў у нас было два суды: забралі два памяшканні. У адным з іх валанцёры шылі супрацьчумныя касцюмы і стваралі іншыя сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў, а потым бясплатна раздавалі іх усім, хто мае патрэбу. Вось так улады цэняць уклад, які тады зрабілі жыхары горада".
Еўрарадыё: Якая сітуацыя цяпер?
Вольга Вялічка: На сёння, акрамя пагроз прымусова ўскрыць памяшканні і нас выселіць, нічога не зразумела. У нас забралі апарат ШВЛ. З пачатку снежня 2020-га да сёння ён знаходзіцца ў Следчым камітэце. Мы напісалі дзве заявы, але ніхто нам гэты апарат не аддае. Увечары ў мінулую пятніцу ў нашым памяшканні ўскрылі каморку, дзе захоўваліся медыкаменты, абсталяванне і гэтак далей. Супрацоўнікі падвяргаюцца жорсткаму ціску на допытах. На іх ціснуць работнікі ДФР і СК.
Цікава, што гісторыя пачалася з крымінальнай справы па нібыта нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Цяпер яе перакваліфікавалі ў адміністрацыйную.
Аказалася, што мы за 2019 год з бязвыплатнай спонсарскай дапамогі, якую атрымалі, мусілі заплаціць падаткі — 94 з чымсьці рубля. Яны палічылі, што гэта з'яўляецца пазарэалізацыйнымі даходамі.
Еўрарадыё: У якіх умовах даводзіцца працаваць хоспісу?
Вольга Вялічка: Хоспіс працуе ў штатным рэжыме. Мы працягваем аказваць дапамогу практычна шасцідзесяці сем'ям, нягледзячы на тое, што на нас ціснуць.
З апошняга: у нас ёсць супрацоўніца, ёй 20 гадоў. У памяшканні на Гагарына яе закрыла ў кабінеце выканаўца абавязкаў галоўнага ўрача — чалавек-педыятр ў белым халаце. Яна пагражала ёй, давяла практычна да стану панічнай атакі. Сказала, што калі тая не аддасць ёй ключы і не пачне выносіць рэчы, яе зноў закрыюць. Вось так і працуем.
Мая рэакцыя, вядома, адназначная: улада, якая цяпер у Беларусі, — нелегітымная. Тыя, хто выконвае злачынныя загады людзей, якія хочуць утрымаць гэтую ўладу, мусяць разумець, што будуць наступствы.
Напрыклад, тыя, хто сёння цісне на работнікаў хоспіса, бацькоў хворых дзяцей, каб разваліць арганізацыю, будуць несці асабістую персанальную адказнасць. Прыкрыцца апраўданнямі, маўляў, нам там суд нешта паказаў або загадаў, не атрымаецца. Яны павінныя разумець, што выконваюць злачынныя распараджэнні.
Еўрарадыё: што б вы сказалі прадстаўнікам беларускіх уладаў, калі б былі ўпэўненыя, што вас пачуюць?
Вольга Вялічка: Пасля таго, што адбылося ў Беларусі пасля выбараў і гэта ўбачылі ва ўсім свеце, нічога не хачу сказаць. Але я б хацела звярнуцца да беларусаў, якія думаюць, што гэта іх не закране, і працягваюць весяліцца, робячы выгляд, што нічога не адбываецца.
На жаль, пакуль яшчэ ёсць такая праслойка грамадства, адсоткаў 25-30, да якой не да канца дайшло, у якіх умовах у перспектыве плануецца жыць людзям і выхоўваць сваіх дзяцей у Беларусі. Але рана ці позна гэта дойдзе і да іх, і мы не будзем чуць фразу "Мяне палітыка не цікавіць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.