Бярозаўскі гурт Kalmary вяртаецца з новым кліпам і ў акустычным гучанні (відэа)

Бярозаўскі гурт Kalmary вяртаецца з новым кліпам і ў акустычным гучанні (відэа)

Бярозаўскі ска-панк-гурт Kalmary, пра які не было чуваць нічога цягам апошніх некалькіх гадоў, вырашыў вярнуцца на сцэну. Але пакуль у акустычным складзе.

“Пакуль мы плануем вяртанне гурта, але з назвай Kalmary acoustic, — кажа лідар калектыву Сяргей Машковіч. — То бок акустычная гітара і па меры магчымасці будзе дадавацца скрыпка і акардэон. Справа ў тым, што пакуль мае музыкі расцяць дзяцей, часу займацца больш сур’ёзным гучаннем няма”.

Сяргей дадае, што рана ці позна калектыў вернецца да электрычнага гучання з духавой секцыяй. Вось толькі тэрміны гэтага вяртання вызначыць не атрымліваецца. А пакуль хлопцы прэзентуюць відэа на песню “Лянота”.

“У кліпе мы сцябемся з ляноты, якае рухае нас да таго, каб было больш вольнага часу і можна было добра адпачыць, — распавядае музыка. — Там і па тэксце, маўляў, вы там нешта робіце, а мне добра і ляжаць на канапе, і глядзець на столь, і я абсалютна не зайздрошчу тым, хто ездзіць па марах і акіянах. Здымаў кліп наш мясцовы аператар і рэжысёр Аляксей Зайцаў, які рабіў нам відэа і на папярэднюю песню “Паці”. Нягледзячы на тое, што ў роліку няма грошай, ён атрымаўся нейкім душэўным і мілым”.

Цяпер Kalmary acoustic рыхтуюць да выдання максі-сінгл пад працоўнай назвай “Бусліная праца”. Яго выданне адбудзецца не раней за пачатак наступнага года. Тым часам сам Сяргей Машковіч актыўна шукае музыкаў у Мінску, каб перабрацца ў сталіцу і распачаць актыўную канцэртную дзейнасць. Але і гэтыя тэрміны лідар гурта акрэсліваць не бярэцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі