Чаргінец папрасіў Акадэмію навук скласці рэйтынг папулярнасці пісьменнікаў
Кіраўнік афіцыйнай пісьменніцкай арганізацыі заклапочаны тым, што кнігі беларускіх пісьменнікаў не трапляюць у бібліятэкі.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец заяўляе, што кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў не даходзяць да паліц бібліятэк. Такую выснову Чаргінец зрабіў апытваючы рэгіянальныя бібліятэкі, у якіх бывае, паведамляе БЕЛТА.
Задачай саюза, у прыватнасці, з'яўляецца прасоўванне твораў беларускіх аўтараў, кажа Чаргінец. Адным са шляхоў ён лічыць арганізацыю рэйтынгу папулярнасці пісьменнікаў. Але якім чынам зрабіць найбольш дакладнае даследаванне, пакуль няма рашэння. З прапановай распрацаваць методыку пісьменнікі звярнуліся ў Акадэмію навук.
Саюз пісьменнікаў Беларусі правёў самастойнае даследаванне. Беларускія бібліятэкі далі інфармацыю пра колькасць кніг 48 беларускіх аўтараў і запытаў на іх на працягу двух гадоў. Колькасць запытаў склала каля 2,5 млн разоў.
Фота — bymedia.net