Чатыры міліцыянеры затрымалі і вынеслі мастака Алеся Пушкіна з працоўнага месца
30 сакавіка ў Жылічах (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) затрымалі мастака Алеся Пушкіна. Як паведамляе "Наша ніва", ён там займаўся рэстаўрацыяй палаца Булгакаў. Затрымліваць Пушкіна прыехалі міліцыянеры Кіраўскага РАУС на запыт з Гродна. Мастак адмовіўся ісці "пагаварыць", таму яго ў кайданках вынеслі з працоўнага месца чацвёра сілавікоў.
Як паведамляла Еўрарадыё, 26 сакавіка пракуратура Гродна пачала крымінальную справу на кіраўніка прыватнай установы "Цэнтр гарадскога жыцця" Паўла Мажэйку і мастака Алеся Пушкіна, "а таксама іншых асоб" за наўмысныя дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму (ч. 3 арт. 130 КК). Нагодай стала выстава Пушкіна ў Гродне, на якой экспанаваўся партрэт пасляваеннага беларускага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы.
Алесь Пушкін вярнуўся з Украіны ўжо ведаючы пра крымінальную справу. Ён даведаўся, што яго звальняюць з працы ў "Белрэстаўрацыі". Праўда, пасля там перадумалі гэта рабіць.
Мажэйку таксама затрымлівалі, некалькі дзён ён правёў за кратамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.