На мастака Алеся Пушкіна і Паўла Мажэйку пачалі справу "за рэабілітацыю нацызму"

На мастака Алеся Пушкіна і Паўла Мажэйку пачалі справу "за рэабілітацыю нацызму"

26 сакавіка пракуратура Гродна пачала крымінальную справу на кіраўніка прыватнай установы "Цэнтр гарадскога жыцця" Паўла Мажэйку і мастака Алеся Пушкіна, а таксама іншых асоб. Крымінальная справа пачатая за наўмысныя дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Нагодай стала выстава Пушкіна, на якой экспанаваўся партрэт Аўгена Жыхара з аўтаматам на плячы. Жыхар — баец антысавецкага пасляваеннага падполля.

"Паводле матэрыялаў справы Жыхар падчас нямецкай акупацыі летам 1944 прайшоў навучанне ў спецпадраздзяленні абвера і ў снежні гэтага ж года быў закінуты нацыстамі ў Полацкую вобласць.

З 1946 года ён узначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў, якія на працягу 9 гадоў у Пастаўскім раёне здзяйснялі забойствы міліцыянтаў, партыйных і дзяржаўных службовых асоб, падпалы адміністрацыйных будынкаў і дыверсіі на чыгунцы",гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

Таксама пракурорскія работнікі падкрэсліваюць, што Алесь Пушкін на выставе "характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і апраўдваў яго дзеі".

Партрэт Жыхара выклікаў вялікі розгалас у дзяржаўнай прапагандзе. У газеце "СБ. Беларусь сегодня" яго назвалі пасобнікам фашыстаў. А кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік паабяцаў разабрацца з "Цэнтрам гарадскога жыцця". 

Дарэчы, крымінальную справу за рэабілітацыю нацызму раней пачалі на кіраўніцу неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс і іншых актывістаў арганізацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі