Дзе і пачым будуць жыць удзельнікі Усебеларускага народнага сходу
Хтосьці з дэлегатаў у "эканом", а хто-то ў "апартаменты"? / Еўрарадыё
2 лютага Лукашэнка даручыў забяспечыць "камфортныя ўмовы працы і адпачынку" для дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. "Працаваць" дэлегаты будуць у Палацы Рэспублікі, а што з "адпачынкам"? Дзе і пачым будуць жыць удзельнікі Усебеларускага народнага сходу?
Сход будзе праходзіць з 11 да 12 лютага. На гэтыя даты ў некалькіх гатэлях Мінска не проста няма месцаў — яны ў прынцыпе выкрасленыя з календара.
Напрыклад, у гатэлі "Мінск". Магчыма, дэлегаты УНС, якія будуць жыць тут, заедуць напярэдадні сходу і паедуць адразу пасля яго заканчэння:
У гатэлях "Беларусь" і "Планета" выкраслена яшчэ і 12-е чысло. Відавочна, тут будуць жыць тыя, хто не збіраецца з'язджаць адразу пасля сходу і затрымаецца ў сталіцы яшчэ на суткі.
— У нас будуць пражываць дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Зоймуць увесь гатэль, — расказваюць Еўрарадыё ў гатэлі "Беларусь".
У "Юбілейным" у браніраванні любых нумароў на час сходу нам таксама адмовілі.
— Тэлефануйце лепш у гатэлі вышэй класам. Вы звоніце ў гатэль, які якраз будзе запоўнены дэлегатамі.
Зняць двухмесны нумар у гатэлі "Беларусь" на суткі каштуе Br95; у гатэлі "Юбілейны" twin абыдзецца ў Br110, а ў "Мінску" — Br239.
Невядома, ці будуць гэтыя і іншыя гатэлі заселеныя дэлегатамі цалкам — ад сціплых нумароў да люксаў. Затое прыблізна можна меркаваць пра тое, колькі дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу трэба забяспечыць жыллём у сталіцы.
Першапачаткова паведамлялася, што ва УНС прыме ўдзел каля 2700 дэлегатаў і гасцей. Ад Мінска ўдзельнічаюць да 370 чалавек, ад кожнай з абласцей — да 310. Інакш кажучы, каля 1800 дэлегатаў прыедуць на сход з беларускіх рэгіёнаў. У колькі абыдуцца бюджэту "камфортныя ўмовы" для іх "працы і адпачынку", палічыце самі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.